Здаровыя зубы — здаровае сэрца
Опубликовал

Здаровыя зубы — здаровае сэрца

З карыесам сутыкаецца большасць людзей. Многія неабдумана лічаць, што асаблівай шкоды арганізму ён не прыносіць. Насамрэч гэта інфекцыйнае захворванне можа мець сур’ёзныя наступствы.

Навукоўцы ўстанавілі асноўную прычыну карыесу. Гэта бактэрыя streptococcus mutans, якая ператварае цукар або крухмал у кіслоты. Спачатку гэтыя кіслоты разбураюць зубную эмаль, затым — больш мяккі дэнцін. Бактэрыі могуць правакаваць не толькі карыес, але і інфекцыйны эндакардыт, які ўплывае на сэрца. Звычайна гэтыя стрэптакокі жывуць толькі ў поласці роту, але часам трапляюць у кроў. Калі імунная сістэма не спрацавала належным чынам, стрэптакокі дасягаюць сэрца, дзе пры дапамозе бялку каланізуюць тканкі і правакуюць запаленне клапанаў.

Бактэрыі з поласці роту праз сістэму кровазвароту здольны прывесці да трамбозу, атэрасклерозу, інфаркту і інсульту. Паводле даследаванняў, ускладнены карыес павялічвае верагоднасць развіцця сардэчна-сасудзістых хваробаў на 70 працэнтаў. Механізм просты: хваробатворныя бактэрыі, калі трапілі ў кроў, могуць асесці на сценках сасудаў і прыляпіцца да месца, дзе пачала ўтварацца атэрасклератычная бляшка. Таму медыкі рэкамендуюць своечасова лячыць інфекцыі ў арганізме, у прыватнасці, карыёзныя зубы.

Правілы па доглядзе за поласцю роту вельмі простыя: чысціце зубы раніцай пасля сняданку і ўвечары перад сном з дапамогай зубной шчоткі, пасты і зубной ніткі. Гэтыя працэдуры, рацыянальнае харчаванне і візіты да стаматолага раз у паўгода абароняць і захаваюць вашы зубы, дзясны здаровымі, а таксама прадухіляць сур’ёзныя захворванні.

М. БАРАВІК,
доктар-стаматолаг Дзятлаўскай ЦРБ

0 0 40 03 Октябрь, 2017 Інфармаванне Октябрь 3, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *