Для тых, хто дорыць свята
Опубликовал

Для тых, хто дорыць свята

5 кастрычніка ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці віншаванні з нагоды свята прымалі людзі, якія закліканы дарыць добры настрой, прывіваць культурныя каштоўнасці.

На працягу гадзіны перад пачаткам мерапрыемства працавала кафэ адпачынку, куды былі запрошаны ветэраны галіны культуры. Яны пагутарылі за салодкім сталом, паглядзелі слайд-шоу пра культурнае жыццё Дзятлаўшчыны за апошні год, а затым разам з іншымі накіраваліся ў глядзельную залу.

З прафесійным святам работнікаў культуры павіншаваў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён адзначыў, што кожны з іх уносіць уклад у развіццё культуры нашага раёна, папулярызуе ідэі дабра, маральнасці, патрыятызму.

– Вы дорыце людзям свята, за якім стаіць вялікая карпатлівая праца. Дзякуем вам за любоў да прафесіі, няхай і ў далейшым ваша творчасць сагравае сэрцы людзей. Дзякуючы вашай працы культурная спадчына Дзятлаўшчыны не страціць свае каштоўнасці і застанецца крыніцай натхнення для многіх людзей, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч.

Старшыня ўручыў Падзячныя пісьмы Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Ганне Абрамавай, загадчыцы сектара рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Мікалаю Палюшэвічу, мастацкаму кіраўніку сектара па арганізацыі вольнага часу Хвінявіцкага дома культуры, Святлане Русак, загадчыцы аддзела культуры і вольнага часу Гезгалаўскага дома культуры, Ірыне Цяцерынай, загадчыцы аддзела культуры і вольнага часу Дварэцкага дома культуры.
Да віншаванняў далучылася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка. Яна расказала, што пастаянна папаўняецца фонд Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, нарошчваюць свае інфармацыйныя рэсурсы бібліятэкі, культурна-асветніцкія цэнтры. Наталля Яўгенаўна падзякавала за падтрымку кіраўніцтву раёна і спонсарам.

Граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама ўзнагароджаны Ніна Жэгала, намеснік галоўнага бухгалтара цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Галіна Хайко, бухгалтар цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Ганна Пашукевіч, машыністка цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Дануся Мішанкова, тэхработнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Ушанавалі таксама работнікаў культуры, якія 4 кастрычніка былі адзначаны на абласным свяце ў Гродне Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама: бібліятэкара аддзела абслугоўвання Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Святлану Магера і загадчыцу сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганну Харлінскую.

Этафету віншаванняў прадоўжыў старшыня раённага камітэта прафсаюзаў Андрэй Сатараў. Ён пажадаў работнікам культуры новых творчых перамог і ўзнагародзіў Граматай раённага галіновага аб’яднання прафсаюзаў старшыню Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марыну Бортка.

Далей слова ўзяў Уладзімір Казак, старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу. Ён адзначыў цеснае супрацоўніцтва работнікаў культуры і аграрыяў, уручыў калектыву Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці дыплом за ажыццяўленне раённага праекта «Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім». Дыпломам РК прафсаюза адзначаны і сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці (загадчыца Ганна Харлінская) – за цыкл канцэртных праграм у аддаленых населеных пунктах раёна. Прафсаюзныя падарункі атрымалі начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка, яе намеснік Васіль Шыцько.

Першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Кацярына Хілімончык уручыла падарунак Але Чарняўскай.
Тых, хто аддаў прафесіі 20 і 30 гадоў – Алену Вялічка, Жанну Кур’ян, Анжаліку Вабішчэвіч – ушанавала і павіншавала старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка.

Дружныя апладысменты залы прагучалі на адрас ветэранаў раённай сферы культуры. Гэтыя мудрыя людзі, якія захавалі запас ведаў, жыццёвы вопыт, шчодра дзеляцца імі з маладым пакаленнем.
Напрыканцы свята вядучыя адзначылі, што прафесія работніка культуры няпростая, але рамантычная, цікавая і займальная. Кожны год сям’я культработнікаў папаўняецца маладымі спецыялістамі. Тых, хто прыйшлі ў гэтым годзе, запрасілі на сцэну і ўручылі падарункі.

Добры настрой і музычныя віншаванні прысутным дарылі С.Малышчык, А. Чарняўская, Т. Ступак, Т. Дудкіна, Ч. Свіб, А. Голуб. Канцэрт прадоўжылі госці свята – творчы калектыў Шчучынскага цэнтра культуры.

Ю. БАКУНОВІЧ
Фота аўтара

 

 

4 0 444 06 Октябрь, 2017 Мясцовыя навіны Октябрь 6, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *