Дзятлава. Сельгаскірмаш
Опубликовал

Дзятлава. Сельгаскірмаш

Гандаль на суботнім кірмашы ў Дзятлаве ішоў бойка. Першымі, здаецца, размялі заўсёды папулярны ячмень і трыцікале. Яны завабілі пакупнікоў і цаною – па 20-25 капеек за кілаграм.

– Ага, – “дастаю” добрага знаёмцу, – праспаў ячмень. Хоць, так бы мовіць, афіцыйна пачатак кірмашу быў прызначаны на 9 гадзін, рэальна пачаўся ён значна раней. Гэтак адбываецца штогод. Дзятлаўчане пра гэту завядзёнку ведаюць, і хто жадае заспець увесь асартымент, спяшаецца на рынак з першым сонцам, гэта значыць на досвітку.

Знаёмец мой, аднак, не засмуціўся.

– Ведаеш, – кажа, – а я за ячменем і не ганюся, на ўласным вопыце пераканаўся, што лепш у корм для свойскіх птушак дабаўляць пшаніцу. Яна, хоць і даражэйшая, але эфект дае большы.

Пшаніца з масавай зернявой групы была, натуральна, самая дарагая – па 35 капеек за кілаграм. Авёс – па 20, трыцікале – па 22-25, проса – па 50.

Папулярная апошнім часам алейная рэдзька, яна таксама разышлася хутка па цане ад 60 да 80 капеек за кілаграм. Быў у продажы рапс (60 капеек), канюшына і цімафееўка (па 3 рублі за кіло), льносемя (1 рубель за кілаграм).

Бульбу бралі, але, як падалося, без асаблівага энтузіязму. Бульба сёлета няблага ўрадзіла на “сотках” і ў агародах, таму попыт на харчовую бульбу невялікі.

Гандлявалі сваёй прадукцыяй на кірмашы сельгаспрадпрыемствы раёна, шмат было фермераў і не только мясцовых: прывезлі людзі прадукцыю з Навагрудскага, Слонімскага, Баранавіцкага, Салігорскага, Гродзенскага раёнаў.

Карысталіся попытам жукоўшчынскія яблыкі, яны таксама разышліся хутка.

Шмат на кірмашы было саджанцаў пладовых дрэваў і кустоў: яблыні, грушы, вішні, слівы, персікі. Некаторыя гандляры саджанцамі прыязджаюць у Дзятлава з іншых раёнаў Гродзеншчыны не першы раз, іх пазнаюць у твар і давяраюць ім.

Акрамя пладовых, у продажы былі дэкаратыўныя кусты, расада клубніц (садовых суніц) – летніх і рамантантных. Рамантантнасць расады гандляры пацвярджалі свежымі ягадамі, сабранымі з кустоў гэтых сартоў.

Вядома, была прапанова рознай агародніны: капуста (20-25 капеек за кілаграм), морква (30 капеек), сталовыя буракі (30 капеек), цыбуля (25-30 капеек), часнык, цыбуля-сявок, перац.

Некалькі фермераў прадавалі жывую рыбу: элітных карпаў, сярэбраных карасёў, быў у продажы сом.

Наваельнянскі камбінат хлебапрадуктаў прапанаваў камбікармы – свіны і курыны, Боркаўскі завод – крухмал, які актыўна куплялі.

Быў нават фірменны гандаль абуткам з натуральнай скуры “Отіко”. Праўда, куплялі яго не сказаць, каб актыўна. Верагодна, пакупнікі былі проста “не заточаны” на такі тавар, не чакалі яго на кірмашы сельгаспрадукцыі.

Чаго на першым (будзе і другі праз два тыдні) дзятлаўскім кірмашы не было, пра што пыталіся? Не было кукурузы, як патлумачылі людзі з сельгаспрадпрыемстваў, па той прычыне, што дажджы льюць штодзень і камбайнамі гэтымі днямі проста “не ўлезці” ў поле. Абяцалі прывезці кукурузу на наступны кірмаш. Замаўлялі на наступны кірмаш грэчку, каб пасеяць для пчолаў. Цікавіліся, ці будзе насенная бульба высокіх рэпрадукцый і з выбарам сартоў. Хтосьці хацеў прыдбаць насенне белай канюшыны.

Дарэчы, магчыма, ведаюць не ўсе: на кірмашы працавала грузавое таксі. І будзе працаваць на наступным кірмашы.

Зерне  прадае «Граніт-Агра».

Ровар — самы зручны грузавы транспарт: кампактны, мабільны, манеўраны, эфектыўны.

У КСУП «Войневічы» і даражэй, чым па 25 капеек за кіло, ячмень купіш, калі прадае вось такая прыгажуня…

Бульба. Гатунковы тавар.

На ячмень і трыцікале ёсць попыт.

Карыстаючыся выпадкам…

У продажы — наваельнянскі камбікорм.

Капуста, перац, буракі, цыбуля, морква па даступнай цане. Оптам і ў розніцу.

Чырвоныя, жоўтыя, зялёныя перцы — на выбар.

Садовы рад.

Рамантантныя клубніцы (садовыя суніцы).

Паўсотні прыправаў — на выбар. Але ж і пахла там!!!

Боркаўскі крухмал, хто не ведае, вельмі высокай якасці.

Карпы, карасі…

А вось і сом.

Натуральная скура ад «Отіко». Натуральная, Карл!

Б. Варна

6 0 2034 14 Октябрь, 2017 Раённыя падзеі, Самае чытаемае Октябрь 14, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *