Святое Прычашчэнне

Падзеі

Сярэднявечча ведала легенду пра пелікана, які, каб выратаваць сваіх птушанят ад голаду, здольны прабіць сабе дзюбай грудзі і карміць іх уласнай крывёй. Таму мы ў многіх храмах сустракаем малюнак пелікана, які крывёй корміць птушанят. Гэта адзін з вобразаў Ісуса Хрыста, які Сваім Целам і Крывёй наталяе сваіх дзяцей — хрысціян, — каб яны маглі ісці наперад, імкнуцца да дасканаласці, каб мелі сілу служыць Богу і ствараць Яго Царства.

Евангелле перадае нам словы перасцярогі Госпада, Які гаворыць, што калі мы не будзем спажываць Яго Цела і піць Яго Кроў, то не будзем мець у сабе жыцця. Якога жыцця? Жыцця Божага, жыцця Хрыстовага.
Святая Царква шануе многіх святых, якія на працягу некалькіх гадоў жыцця не прымалі ў ежу нічога, акрамя Святой Прычасці, напрыклад, Кацярына Эмерых, святы Мікалай Флюескі, а ў нашым стагоддзі — Тэрэза Нойман.

Таму, хто з верай і сапраўднай набожнасцю прымае Яго ў Еўхарыстыі, Гасподзь абяцае жыццё вечнае: «Я хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў; хто есць хлеб гэты, будзе жыць вечна» (Ін. 6, 51). Цела чалавека, які верыць у Хрыста, цела, якое злучаецца з Целам Яго ў Таемстве Еўхарыстыі, Ісус уваскрэсіць і надзеліць вечным жыццём разам з Сабою ў небе: «Хто есць Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае; і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ін. 6, 54).

Кожны раз, калі мы ўдзельнічаем у Святой Імшы, чуем словы: «Прыміце, спажывайце; гэта ёсць Цела Маё… гэта ёсць Кроў Мая» (Мк. 14, 22. 24). Ісус не гаворыць: «Глядзіце, дзівіцеся і захапляйцеся — гэта Цела і Кроў Мая», але гаворыць: «Прыміце, спажывайце…». З гэтых словаў нашага Выратавальніка мы разумеем, як Ён прагне, каб мы часта прымалі Яго ў сваё сэрца, бо Гасподзь прыйшоў не для таго, каб знаходзіцца ў прыгожых богаслужэбных пасудзінах, а ў нашых сэрцах. Таму Ён жадае, каб мы заўсёды мелі сумленне, не заплямленае цяжкім грахом, каб імкнуліся мець чыстае сэрца і былі годнымі заўсёды прыступіць да Стала Божай Трапезы, каб Ён мог надарыць нас сваімі літасцямі.

Адна жанчына памерла ва ўзросце 77 гадоў, адпрацаваўшы 50 гадоў у адным і тым жа магазіне. Хоць было шмат працы, але яна штодня ўставала на гадзіну раней, чым ёй было трэба, каб паўдзельнічаць у Святой Імшы і прычасціцца. Людзі дзівіліся з яе незвычайнага цярпення і пакорлівасці. Калі даводзілася пакутаваць, набожная душа ставіла сабе на стол картку з надпісам: «Бог пасылае мне гэта». Многім маладым людзям яна дапамагла знайсці правільны шлях у жыцці, дапамагала няшчасным і пакінутым. Сама ж прызнавала, што сілу валодаць сабой і жыць паводле Божых запаведзяў дае ёй штодзённае Прычашчэнне, да якога яна прыступіла з 12 гадоў.

Святы Францыск Сальскі гаворыць: «Выратавальнік даў нам Найсвяцейшае Таемства Еўхарыстыі, якое рэальна заключае ў сабе Яго Цела і Кроў, каб той, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Таму той, хто часта і з глыбокай набожнасцю прыступае да гэтага Таемства, умацоўвае жыццё і здароўе сваёй душы і становіцца амаль недаступны грахоўнаму запалу. І калі людзі ў раі не ведалі смерці цела, смакуючы плады з дрэва жыцця, то Найсвяцейшае Таемства Еўхарыстыі такім жа чынам захоўвае нас ад смерці духоўнай».

Ксёндз Андрэй ПЫШЫНСКІ,
настаяцель прыхода Сэрца Пана Езуса ў вёсцы Рандзілаўшчына



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *