Пра Купалу ў год навукі

Сацыяльная сфера

Мы, беларусы,  заўсёды ганарымся сваімі майстрамі нацыянальнага прыгожага пісьменства. Янка Купала – гэта велічны і надзвычай таленавіты духоўны настаўнік многіх пакаленняў нашага народа.  Многія яго вершы, паэмы мы вывучалі ў школе, ведаем на памяць калі не цалкам увесь верш, то хоць урывачак. І біяграфія песняра добра вядома. Аднак мы нярэдка зусім не ведаем тых, хто даносіў да нас тыя самыя літаратуразнаўчыя факты і аргументы пра любімага аўтара, хто даследаваў яго творчасць. Я лічу, што ў год Навукі і 135-годдзя Я.Купалы гэта карысна зрабіць. І, дарэчы,  даследчыкам і ў 21 стагоддзі ёсць што даследаваць, бо ў біяграфіі Майстра засталося яшчэ  шмат белых плям, таямніц і загадак…

Сама навука пра Купалу – купалазназнаўства – фактычна пачалася ў 1908 годзе, так што ёй больш стагоддзя. Менавіта першы зборнік паэта “Жалейка” (1908) стаў не толькі вялікай падзеяй у айчыннай літаратуры, але і выклікаў шматлікія водгукі. Так, Ядвігін Ш. у газеце “Минское эхо” (9.7.1908) дае ацэнку гэтай самабытнай кнігі. У.Самойла характарызаваў зборнік як “сонца жывой сапраўднай паэзіі”. Даследчык адзначае ў газеце “Минский курьер» (23.8. 1908): “Беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у  галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыяльнай самасвядомасці”. У.Самойла высока ацаніў драматычную паэму “Адвечная песня”, а паэзію Янкі лічыў каштоўным скарбам, дзе глыбока адлюстравана душа народа. У газеце “Наша ніва” (16.9.1910) ён разважае пра  нацыянальнае і агульначалавечае значэнне творчасці песняра. А.Бульба ў гэтым жа выданні называе паэзію Купалы “стогнам набалелай душы”. Самую ж скрупулёзную ацэнку дакастрычніцкай творчасці Купалы даў пачынальнік беларускага літаратуразнаўства Максім Багдановіч, які і   стаў першым даследчыкам купалаўскай паэтыкі, напрыклад, вызначальным у форме ён бачыў рытм верша.

Сістэматычнае вывучэнне творчасці Купалы пачалося пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі – той самай, у якой сёлета таксама  юбілей – стагоддзе. Так, у “Гісторыі беларускай літаратуры” М.Гарэцкага Купала ахарктарызаваны як лірык з ярка выражанымі грамадзянскімі матывамі. Я.Карскі падкрэсліваў лірычную прыроду яго таленту. Шмат даследаванняў з’явілася ў сувязі са святкаваннем 20-годдзя дзейнасці Купалы і надання яму звання  народнага паэта Беларусі (1925). Спробу даследавання філасофскіх матываў яго лірыкі зрабіў А.Бабарэка ў працы “З далін на ўзвышшы” (“Маладняк”, 1926, №10), дзе акцэнтаваў увагу на вытанчаным адчуванні Купалам самой “моцы жыцця”.  Артыкул М.Піятуховіча “Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Я.Купалы” (“Полымя”, 1925, №4) – першая спроба перыядызацыі творчасці песняра.

Творы песняра неаднаразова перавыдаваліся асобнымі выданнямі. Зборы твораў выходзілі ў 1925-1932 гг. (у 6 т.). Дарэчы, гэта наогул першы збор твораў у гісторыі беларускай літаратуры.  У 1928-1940 гг.  выходзіць збор у 4 т.).

У сувязі з 35-годдзем  дзейнасці Купалы (1940) быў апубліваны шэраг прац, дзе яго творчасць разглядалася аб’ектыўна, з улікам сладанасцей эпохі. “Мастацай гісторыяй  жыцця беларускага народа”  назваў паэзію Купалы В.Барысенка (“Лім”, 8.12.1940).  У 1943 г. у Маскве і Ташкенце выйшлі два зборнікі “Памяці Янкі Купалы”, якія ўключалі даследаванні Я.Коласа, К. Чорнага, С. Гарадзецкага і іншых вучоных з рознабаковай характарыстыкай творчасці. Затым Купалу даследавалі М.Лужанін, Н.Перкін,  А.Александровіч, Ю. Пшыркоў, Я.Мазалькоў і інш.

Значных поспехаў купалазнаўства дасягнула ў 50-60-я гг., чаму спрыяла выданне твораў песняра ў шасці тамах (1952 — 54, 1961- 63). З’явіліся працы даследчыкаў: В. Івашын, М. Ярош. У 1952 і 1955 гг. былі выдадзены зборнікі матэрыялаў пра жыццё і творчасць Купалы. З’явіліся працы, прысвечаныя яго сувязям  з рускай, украінскай, літоўскай, польскай, чэшскай літаратурамі (С. Александровіч, В. Івашын, М. Ларчанка, К. Корсакас,  М. Барсток). Вывучалася сувязь яго творчасці з фальклорам (У. Юрэвіч, В. Бечык). У 60-я гг. купалазнаўства ўзбагацілася зборнікамі з новымі працамі “Любімы паэт беларускага народа” (1960) і “Народны паэт Беларусі” (1962).

Прыкметнай з’явай стала кніга Р.Бярозкіна “Свет Купалы” (1965), дзе даследавана сістэма вобразнага мыслення. З’яўляецца грунтоўная манаграфія І.Навуменкі “Янка Купала. Духоўны воблік героя” (1967).  Па-новаму даследуюць Купалу А.Лойка,  В.Каваленка,  У.Калеснік, У.Казбярук, У. Конан, М.Арочка, М.Грынчык, І.Ралько і інш.

Да 90-годдзя з дня нараджэння быў выдадзены зборнік артыкулаў “Народныя песняры” (1972). Важнай падзеяй стала выданне ў 1972-76 гг.  навукова- каменціраванага Збору твораў Я.Купалы ў сямі тамах. Актывізацыі купалазнаўства ў многім спрыялі юбілеі паэта: 100-годдзе, 110-годдзе, 120-годдзе, 130-годдзе. Выйшлі юбілейныя зборнікі: “Песні беларускай валадар”(1981), “Разам з народам” (1983). Падзеяй у культурным жыцці стала кніга А.Лойкі “Янка Купала” (1982), якая выйшла ў знакамітай серыі “ЖЗЛ”. У 1995-2003 гг. убачыў свет збор твораў Купалы ў  9 тт.

Яшчэ ў  1986 г. быў выдадзены энцыклапедычны даведнік “Янка Купала”. А ў  2017 г. чытачы змогуць убачыць перавыданне культавай энцыклапедыі, у якую ўвайшлі  3 тысячы артыкулаў.

Нельга не сказаць  пра дзейнасць Міжнароднага фонду Янкі Купалы,  мэтай якога з’яўляецца садзейнічанне больш дасканаламу вывучэнню жыцця і творчасці, выхаванне маладога пакалення на лепшых узорах,   вызначэнне яго месца і ролі ў беларускай і сусветнай літаратуры. Дарэчы, сама  ідэя ўтварэння фонду нарадзілася падчас першых Міжнародных купалаўскіх чытанняў у верасні 1995 г.  З 1996 г.  разам з Літаратурным музеем Янкі Купалы фонд і  з’яўляецца суарганізатарам  чытанняў, на аснове якіх былі выдадзеныя шматлікія зборнікі дакладаў і артыкулаў. Старшынёй фонду з дня яго заснавання з’яўляецца вядомы беларускі літаратуразнаўца  Вячаслаў Рагойша. У склад фонду ўваходзяць 7 суполак у Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Любань,  Наваполацк) і 6 суполак за мяжой: у Літве (Вільня), Латвіі (Рыга, Даўгаўпілс), Польшчы (Варшава) і Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Казань). Шмат даследаванняў ажыццявілі і працягваюць сёння ажыццяўляць выкладчыкі-вучоныя з усіх педагагічных ВНУ Беларусі, супрацаўнікі акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Я.Купалы.  Творчасць Купалы вывучаецца і за мяжой.

Як бачым, постаць Купалы цікавіла даследчыкаў усё ХХ ст. Зразумела,  мяняліся эпохі, мяняліся і погляды даследчыкаў. Сама  база ведаў пра  класіка пашырылася дзякуючы шматлікімі архіўным дакументам, непараўнальна вырас і сам узровень літаратуразнаўства. Таму відавочна, што купалазнаўства аб’яднала вакол сябе некалькі пакаленняў даследчыкаў.

У ХХІ ст.  з’явяцца як  новыя даследчыкі  творчасці Купалы, так і  новыя чытачы, прыхільнікі яго бессмяротнай спадчыны.  Цікавасць да нашага класіка, безумоўна, была і будзе. Яна будзе станавіцца толькі больш грунтоўнай!

К. Карнялюк.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *