Партызан-кавалерыст Сцяпан Лейка

Падзеі

У верасні гэтага года Сцяпан Ігнатавіч Лейка адзначыць сваё 95-годдзе. За многія гады зямля Дзятлаўскага краю стала для яго другой радзімай.

Нарадзіўся ён 18 верасня 1922 года ў вёсцы Заполле Карэліцкага раёна. У шматдзетнай сям’і выхоўвалася пяцёра дзяцей – чатыры хлопцы і дзяўчынка. Раслі ў сялянскай працы, поруч з бацькамі завіхаліся па гаспадарцы. Бацькі стараліся даць дзецям адукацыю. Сцяпан вучыўся ў Карэліцкай польскай школе, пасля верасня 1939 года – у савецкай.

Дзяцінства і юнацтва закончылася для яго 22 чэрвеня 1941 года, калі бацька вярнуўся з Карэлічаў і паведаміў, што пачалася вайна. “Праляталі нямецкія самалёты, скінулі бомбу за вёскай, потым бамбілі мост за Шчорсамі, – успамінае Сцяпан Лейка. Не мінула і двух тыдняў, як вёску Заполле занялі нямецкія салдаты. Стварылі паліцыю. Былі арыштаваны мясцовыя партыйныя і камсамольскія актывісты, кіраўніцтва тутэйшага калгаса. Пазней стала вядома, што акупанты вывезлі арыштаваных у накірунку Карэліч, там расстралялі. Арыштавалі Сцяпана, яго брата Аляксандра і кінулі ў падвал пастарунка ў Карэлічах. Бацька Ігнат Лейка выпрасіў у солтыса сыноў, іх адпусцілі. Астатніх зняволеных адправілі ў Навагрудак.

Жыць пад уладай нямецкіх акупантаў і паліцаяў было небяспечна. Халоднай сакавіцкай ноччу 1943 года некалькі сем’яў, у тым ліку сям’я Ігната Лейкі, пакінулі хаты, гаспадаркі і на сваіх конях з дамашнім скарбам выправіліся за Нёман у Налібоцкую пушчу. Сцяпана Лейку залічылі ў Асобы казацкі партызанскі атрад, якім камандаваў Дзмітрый Анісімавіч Дзенісенка, былы баец 6-й Кубана-Церскай Чангорскай казацкай дывізіі, які ўцёк з ваеннага палону ў лагеры пад Новым Свержанем (цяпер – Стаўбцоўскі раён). Партызанскі лагер мясціўся за тры кіламетры ад вёскі Добрач. У лагеры меліся розныя майстэрні, была свая пякарня. У красавіку 1944 года атрад быў перайменаваны ў Асобы казацкі дывізіён, а на пачатку ліпеня ён атрымаў назву Першая Беларуская кавалерыйская партызанская брыгада.

Сцяпан Лейка ўдзельнічаў ва ўсіх баявых аперацыях кавалерыстаў. Гэта дакументальна засведчыла і характарыстыка, выдадзеная яму камандзірам і камісарам 1-га атрада. Вось вытрымкі з характарыстыкі: “Тов. Лейко Степан добровольцем пришел в партизаны и проявил себя как смелый и дисциплинированный боец: участвовал во всех боях, проведенных дивизионом, и показал образцы смелости и находчивости в бою. Среди бойцов тов. Лейко пользуется авторитетом. Честно и аккуратно выполнял приказания командиров и начальников и неоднократно получал благодарности.”

Асабліва запомнілася Сцяпану баявая аперацыя ў канцы снежня 1943 года. Тады партызаны актыўна знішчалі лініі сувязі між Баранавічамі і Стоўбцамі. Добра помніцца і бой каля вёскі Тударава Карэліцкага раёна. Партызанскіх кавалерыйскіх рэйдаў было нямала. За баявыя заслугі партызан-кавалерыст Сцяпан Лейка ўзнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” 2-й ступені, “За перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі.

Працоўную дзейнасць Сцяпан Лейка пачаў на пасадзе інструктара райкама Баранавіцкага гарадскога камітэта камсамола ў ліпені 1944 года. Потым абкам камсамола накіраваў былога кавалерыста начальнікам спецаддзела маторнага завода ў Баранавічах. На заводзе яго выбралі сакратаром камітэта камсамола. У 1947 годзе Сцяпана Лейку накіравалі ў гарпасёлак Дзятлава з рэкамендацыяй для выбрання першым сакратаром райкама камсамола. У Дзятлаўскім раёне ён працаваў на розных пасадах, вучыўся у Вышэйшай партыйнай школе. З 1955 па 1971 год працаваў старшынёй калгаса “Чырвоны Кастрычнік”, затым 12 гадоў – старшынёй раённага савета прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі, інжынерам па тэхніцы бяспекі калгаса. Яго грамадская работа доўгі час была звязана з кіраўніцтвам раённым саветам ветэранаў, які ён узначальваў 16 гадоў. Калі падлічыць працоўны стаж Сцяпана Ігнатавіча, то ён складзе больш за шэсцьдзесят гадоў.

На Дзятлаўшчыне Сцяпан Лейка стварыў сям’ю. У шлюбе з жонкаю Таццянай Данілаўнай жыве больш за 60 гадоў. Таццяна Данілаўна родам з Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці, была накіравана ў раён на працу медыцынскай сястрой. У вялікай сям’і Лейкаў выраслі трое дзяцей, чацвёра ўнукаў, трое праўнукаў.

Сёння хочацца пажадаць паважанаму юбіляру здароўя і столькі гадоў жыцця, колькі ён сам пажадае.

М. ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *