Калі ў сям’і «асаблівае» дзіця

Падзеі

Ніхто не чакае нараджэння дзіцяці з фізічнымі ці іншымі недахопамі. Усе вераць, што немаўля народзіцца здаровае, прыгожае, разумнае, што яно даб’ецца поспехаў у грамадстве, стане апорай для бацькоў. Не дзіўна, што ў чаканні дзіцяці будучыя бацькі хвалююцца: якім яно будзе? Калі немаўля нараджаецца хворым ці з парушэннямі — гэта для іх вялікі шок.

У бацькоў такога дзіцяці дваякія пачуцці: то яны любяць малое, як маглі б любіць здаровае дзіця, то злуюцца на яго, баяцца, нават не прымаюць. Усё зразумела: дзіця жаданае і любімае, але яго парушэнні нечаканыя, бацькі гэта востра перажываюць.

Звычайна першая рэакцыя бацькоў, якія даведваюцца пра інваліднасць свайго дзіцяці, — непрыманне: «Такога не магло здарыцца з намі!». Непрыманне хутка замяняецца злосцю. Яна можа быць скіравана на медыцынскіх работнікаў, якія расказалі аб інваліднасці дзіцяці. Злосць можа паўплываць на ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай, на адносіны з бабулямі, дзядулямі, іншымі важнымі для сям’і роднымі. Злосць — наймацнейшае пачуццё, праз якое праходзяць усе. Яна ўзнікае з-за вялікага гора, нечаканай страты, якую немагчыма патлумачыць ці пераадолець.

Страх — яшчэ адна рэакцыя. Людзі больш баяцца невядомага, чым вядомага. Дакладная інфармацыя пра дыягназ і далейшыя перспектывы дзіцяці палохаюць менш, чым невядомасць. Баяцца і за будучыню дзіцяці: «Якім яно стане ў пяць, дванаццаць, дваццаць адзін год? Што з ім будзе, калі я памру? Ці вывучыцца дзіця? Ці зможа скончыць каледж? Ці будзе яно любіць, жыць, смяяцца, рабіць усё тое, пра што мы марылі?».

Наступнае пачуццё — віна. Бацькі непакояцца, ці не маглі самі стаць прычынай інваліднасці дзіцяці: «Магчыма, мы зрабілі штосьці не так? Мы пакараны за нешта? Ці сачыла мая жонка за сабой у час цяжарнасці?». Часам, пачуццё віны праяўляецца ў рэлігійным аспекце. Як часта мы падымаем вочы да неба з пытаннем: чым заслужылі такое выпрабаванне?

Збянтэжанасць таксама характэрна для пачатковага перыяду. Чалавек яшчэ не да канца разумее, што адбываецца, што будзе далей. Збянтэжанасць праяўляецца ў бяссонніцы, няздольнасці прымаць рашэнні, эмацыянальнай перагружанасці. Пры гэтым новая інфармацыя можа здавацца няяснай, скажонай. Вы чуеце словы, якіх раней не чулі, тэрміны, якія апісваюць тое, чаго не разумееце. Вы спрабуеце адшукаць сэнс у атрыманай інфармацыі.

Расчараванне. Факт, што дзіця недасканалае, закранае бацькоў. Гэта выклік для іх сістэмы каштоўнасцяў.

Расчараванне можа перашкодзіць прыняць дзіця як паўнавартасную асобу, якая развіваецца. Непрыманне можа быць і ў адносінах з медыкамі, мужам (жонкай). Адна з найбольш моцных формаў непрымання дзіцяці — тайнае жаданне яго смерці (гэта адчуваюць бацькі, якія знаходзяцца ў глыбокай дэпрэсіі).

У перыяд, калі шмат розных пачуццяў перапаўняюць сэрцы бацькоў, складана вызначыць, якія з іх найбольш моцныя. Не ўсе бацькі праходзяць менавіта праз такую паслядоўнасць адчуванняў. Аднак пры ўсёй скаладанасці сітуацыі вельмі важна, каб яны былі здольныя дзейнічаць, разумелі, што не застануцца адны, што ёсць установы, дзе можна знайсці падтрымку і дапамогу.

Спецыялісты раяць бацькам дзяцей-інвалідаў не баяцца паказваць свае пачуцці, вучыцца з імі працаваць. Варта пазбягаць жалю да сябе, знаходзіць для сябе час. Трэба быць рэалістамі і разумець, што некаторыя рэчы можна змяніць, а іншыя — немагчыма. Пастарайцеся ўбачыць, якімі талентамі валодае дзіця, у чым праяўляюцца задаткі яго будучых здольнасцяў. Абавязкова кажыце дзіцяці, што любіце яго, пазбягайце насцярожаных фразаў пра яго, не дапускайце жартаў — дзіця ўспрымае іх рэальна. Вучыце малое распазнаваць эмоцыі, інтанацыю, самі дэманструйце адэкватнае эмацыянальнае рэагаванне на жыццёвыя сітуацыі (словамі, жэстамі, мімікай).

Навучыце дзіця словамі выказваць свае эмоцыі, напрыклад: «Я радуюся. Я злуюся». Не «тушыце» негатыўныя эмоцыі дзіцяці, а навучыце малое выказваць іх адэкватным спосабам. Не параўноўвайце сваё дзіця з іншымі, залішне не апякайце, дазваляйце самастойна задавальняць свае патрэбы, як мага часцей хваліце дзіця і выказвайце сваё адабрэнне, прыняцце, старайцеся не рабіць дробных заўвагаў.

П. НАЗАРАВА,
педагог-псіхолаг Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *