Дзяржаўныя закупкі без пасрэднікаў

Падзеі

У Камітэце дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці пытанне ажыццяўлення дзяржаўных закупак знаходзіцца на пастаянным кантролі.

Былі праведзены маніторынгі ў аддзелах адукацыі, спорту і турызму Лідскага, Воранаўскага, Іўеўскага, Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага райвыканкамаў.

Так, ускладняючы сабе працэдуру закупак шляхам правядзення электроннага аўкцыёна, у большасці выпадкаў аддзеламі адукацыі, спорту і турызму ўсе найменні прадуктаў харчавання, якія падлягаюць закупцы на год, аб’ядноўваюцца ў адзін прадмет з разбіўкай па лотах, дзе колькасць лотаў даходзіць да 150.

Пры гэтым з прычыны вялікай колькасці лотаў у афармленні пратаколаў пасяджэнняў камiсiй дапускаюцца памылкі і недакладнасці, працэдура таргоў зацягваецца.

Пры фарміраванні аўкцыённых дакументаў на закупку прадуктаў харчавання ў пачатку каляндарнага года аддзелы адукацыі, спорту і турызму ўключылі такія найменні прадуктаў, як персікі, нектарыны, абрыкосы, гранат, хурму, слівы, кавуны, рынак якіх мае сезонны характар, гэта значыць іх цана памяншаецца ў пэўныя перыяды года — лета і восень, і праводзіць таргі па іх закупцы ў пачатку года немэтазгодна.

На закупку названых тавараў заключылі адпаведныя дагаворы ў пачатку 2017 года аддзел адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага, Ашмянскага, Смаргонскага райвыканкамаў.

На жаль, нізкая арганізацыя падрыхтоўкі аўкцыённых дакументаў, прынцып фарміравання заказчыкамі пачатковай цаны электроннага аўкцыёна, як найменшая з прапановаў удзельнікаў, нізкая актыўнасць вытворцаў удзельнічаць у таргах прыводзіць да таго, што пераможцамі на законных падставах прызнаюцца пасрэднікі.
Пры наяўнасці ў раёнах уласных сельгасвытворцаў у школы і дзіцячыя сады закупляюцца агуркі, памідоры, яблыкі, грушы вытворчасці Польшча і Турцыя.

Так, у выніку аўкцыённых таргоў, якія праводзяцца аддзелам адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама, па асобных лотах (малочная прадукцыя, мясная прадукцыя, сухары паніровачныя), прэтэндэнтам на перамогу ў таргах з’явіўся індывідуальны прадпрымальнік К. з г. Мінска, які не з’яўляецца вытворцам названых групаў тавараў і прапанаваныя ім цэны на 25-40% вышэй за кошты на аналагічную прадукцыю вытворцаў ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», філіял Лідскі хлебазавод ААТ «Гроднахлебпрам», ААТ «Слонімскі мясакамбінат», размешчаных на тэрыторыі раёна і вобласці, і не прымалi ўдзел у таргах.

Толькі ўмяшальніцтва Камітэта дзяржкантролю ў дадзеным выпадку не дазволіла заключыць дамову з пасрэднікам, які потым трапіў у спіс ненадзейных.

Даведкі аб правядзенні дзяржаўных закупак з адной крыніцы аддзеламі адукацыі, спорту і турызму складаюцца, як правіла, фармальна, без вывучэння каньюктуры рынку, аналізу цэнаў.

Таксама імі дапускаюцца выпадкі змены істотных умоваў дагавораў (прадмета дагавора, кошту закупкі і інш.), як пры іх заключэнні, так і пры іх выкананні, што недапушчальна.

Камітэтам на адрас райвыканкамаў былі накіраваны адпаведныя рэкамендацыі па выключэнні несумленнага пасрэдніцтва, недапушчэнні фактаў неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. Гэта пытанне застаецца на жорсткім кантролі.

Н. КРЫВІЦКАЯ,
намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *