Беларусь заклікае паставіць кропку ў халоднай вайне і прапануе пляцоўку для глабальнага перагаворнага працэсу

Улада

Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, выступаючы з трыбуны Генеральнай Асамблеі ААН, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Паводле слоў міністра, для некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў характэрны дзве супярэчлівыя тэндэнцыі — узрастаючыя палітычная фрагментацыя і эканамічная глабалізацыя. Першая тэндэнцыя асацыіруецца з глабальнай палітычнай нестабільнасцю. «Яна стала вынікам войнаў, канфліктаў, тэрарызму, ксенафобіі і іншых фактараў. Ствараецца адчуванне нарастаючага хаосу і безнадзейнасці», — адзначыў ён. Уладзімір Макей заявіў, што прычына, чаму свет апынуўся ў такой сітуацыі, у тым, што не была пастаўлена кропка ў апошнім эпахальным канфлікце — халоднай вайне. «Яна не завяршылася прыняццем мірнага дагавора, як гэта заўсёды адбывалася з завяршэннем усіх папярэднінх эпахальных войнаў. Як вынік, мы засталіся без агульнапрызнаных рамак для далейшых паводзін, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Розныя сілы сталі па-рознаму інтэрпрэтаваць гэты стан геапалітычнай нявызначанасці і адпаведным чынам дзейнічаць. Што было відавочным і законным для адных, было незразумелым і нелегітымным для іншых. Па вялікім рахунку, усе праблемы, што накапіліся з пачатку 90-х гадоў, — гэта вынік нашай няздольнасці давесці справу да канца ў завяршэнні халоднай вайны. Але ніколі не позна зрабіць тое, што правільна». У сувязі з гэтым міністр нагадаў аб ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі аб правядзенні новага перагаворнага працэсу па аналогіі з Хельсінкскім працэсам 70-х гадоў. «Вядома, з разуменнем тых праблем і пагроз, якія актуальны для ўсіх нас сёння. Неабходна гаварыць аб своеасаблівым пашырэнні і пераасэнсаванні гэтага фармату. Мы прапануем, каб ключавыя глабальныя ігракі, перш за ўсё Кітай, Расія, ЗША, дзяржавы Еўрапейскага саюза, пачалі дыялог аб стратэгічным бачанні новых канструктыўных адносін. Беларусь са свайго боку гатова прадаставіць пляцоўку для працэсу. Мы гатовы выканаць гэту задачу гэтак жа адказна, як Беларусь гэта робіць на працягу апошніх гадоў у рамках намаганняў па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. Мінск гатовы стаць мостам, які звяжа старое з яшчэ ненароджаным», — заявіў Уладзімір Макей. Ён лічыць, што дамоўленасці па выніках такога дыялогу паставілі б кропку ў апошняй эпахальнай вайне і маглі б быць у далейшым рэалізаваны пры актыўным падключэнні ААН. «Тым самым мы павярнулі б назад тэндэнцыю ўзрастаючай палітычнай фрагментацыі ў свеце», — адзначыў міністр. «Можа быць, гэта некаму здаецца сёння нерэалістычным. Але менавіта гэтак у свой час, тры гады таму, успрымалася прапанова Прэзідэнта Беларусі аб увядзенні міратворцаў ва Украіну. А цяпер гэта ідэя рэаніміравана і актыўна абмяркоўваецца ў ААН», — дадаў Уладзімір Макей.
БелТА


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *