Адкрыта паляванне на бабра і выдру

Падзеі

З 1 верасня ў Беларусі адкрыта паляванне на бабра і выдру, якое будзе доўжыцца да 31 сакавіка наступнага года.

Паляванне на бабра і выдру дазваляецца ў светлы час сутак як ружэйным (з засады, з падыходу), так і безружэйным спосабамі. Пры ружэйным паляванні дапускаецца выкарыстанне наразной (з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў), гладкаствольнай (з выкарыстаннем патронаў, забяспечаных куляй або карцеччу) і кідальнай (паляўнічыя лукі і арбалеты) паляўнічай зброі. Пры безружэйным паляванні дазваляецца ўжываць пасткі №3-7 (акрамя петляў), а таксама паляўнічых сабак (акрамя гончых і хортаў) пры выманні пасткамі. Пры ажыццяўленні безружэйнага палявання на пушных паляўнічых жывёл з выкарыстаннем самаловаў паляўнічым дазваляецца ўстанаўліваць, знімаць і правяраць указаныя прылады палявання, у тым ліку вымаць з іх здабытых паляўнічых жывёл толькі ў светлы час сутак. Пры гэтым устаноўленыя паляўнічымі самаловы могуць знаходзіцца ў паляўнічых угоддзях у настаўленым (узведзеным) стане на працягу ўсяго тэрміну дзеяння дазволу на здабычу паляўнічай жывёлы і паляўнічай пуцёўкі да яго (пры паляванні на бабра, выдру) або паляўнічай пуцёўкі (пры паляванні на ненарміруемыя віды пушных паляўнічых жывёл). Безружэйнае паляванне на бабра і (або) выдру з выкарыстаннем дазволеных пастак (акрамя петляў), прынцып дзеяння якіх прадугледжвае непасрэдны ўдзел паляўнічага, у тым ліку з выкарыстаннем дазволеных пародаў паляўнічых сабак або без іх выкарыстання, дазваляецца толькі ў светлы час сутак. Пры ажыццяўленні палявання на бабра дапускаецца здабыча норкі амерыканскай і андатры з выкарыстаннем дазволеных для палявання на бабра і выдру прыладаў і сродкаў палявання.

Згодна з патрабаваннямі пункта 127 правілаў палявання, пры выяўленні паляўнічым ва ўстаноўленым iм капкане ці іншай пастцы паляўнічай жывёлы нарміруемых відаў (акрамя выдры), на здабычу якіх не маецца адпаведнага дазволу, або дзікай жывёлы, якая адносіцца да віду, што ўваходзіць у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, паляўнічы, не вымаючы жывёлу з пасткі, павінен праінфармаваць аб гэтым службовую асобу карыстальніка паляўнічых угоддзяў. У выпадку пападання ў капкан або іншую пастку выдры ў працэсе здабычы паляўнічым бабра (ці наадварот) дазвол закрываецца па фактычна здабытай жывёле.

Незаконная здабыча ў працэсе палявання бабра альбо выдры цягне адміністрацыйную (частка 1 артыкула 15.37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях) або крымінальную (артыкул 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) адказнасць, а таксама абавязак кампенсацыі парушальнікам прыродаахоўнага заканадаўства шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю ў выніку незаконнага вымання жывёлы, і кошту незаконна здабытай прадукцыі карыстання аб’ектамі жывёльнага свету. У адпаведнасці з заканадаўствам, памер названай вышэй шкоды ў выпадку незаконнай здабычы бабра складае 70 базавых велічыняў або 1610 рублёў на сёння. Паколькі выдра рачная з’яўляецца ўзорам СИТЕС (Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, падпісанай у горадзе Вашынгтоне 3 сакавіка 1973 года), памер шкоды ў выпадку незаконнай здабычы выдры складае 200 базавых велічыняў або 4600 рублёў на сёння. Пры незаконнай здабычы дзікай жывёлы, што жыве ва ўгоддзях, у якіх забаронена яе выманне (паляўнічагаспадарчыя зоны спакою, тэрыторыі запаведнікаў, забароненых для палявання зонаў і іншыя), памер шкоды вылічваецца ў трайным памеры.

У Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуюць тэлефоны даверу: 8-01562-6-63-65, 8-029-6501951 (Velcom), па якіх можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёл, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўнінна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслін, што выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах, у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі і Зэльвенскі раёны.

Г. ШЛЫКОВІЧ,
начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *