Арыгінал Бібліі Гутэнберга дастаўлены з Германіі ў Беларусь

Да ведама грамадзян

Фрагмент гэтага вельмі рэдкага кніжнага помніка захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Германіі ў Лейпцыгу. Спецыяльным рэйсам у суправаджэнні экспертаў-кнігазнаўцаў, дыпламатаў і супрацоўнікаў аховы кніга прыбыла ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Гэта кніга лічыцца самым старажытным, знакамітым і дарагім выданнем у Еўропе, яна стане экспанатам на выставе «Францыск Скарына і яго эпоха» ў Нацыянальнай бібліятэцы, якая будзе адкрыта для шырокай публікі 15 верасня. Біблія Гутэнберга традыцыйна лічыцца пунктам адліку гісторыі кнігадрукавання ў Еўропе і паваротным момантам у пераходзе ад сярэдневякоўя да сучаснага свету. Кніга, надрукаваная гатычным шрыфтам, прызнана шэдэўрам прыгожага друку і мастацкага майстэрства. Біблія поўнасцю надрукавана ў дзве калонкі. Вялікія літары і загалоўкі выкананы ўручную з варыяцыямі малюнка. У свеце захавалася толькі некалькі экзэмпляраў унікальнага выдання, і зусім невялікая колькасць краін можа дазволіць сабе прадэманстраваць гэту кнігу публіцы. Магчымасць прадставіць вельмі рэдкае выданне ў Беларусі з’явілася дзякуючы садзейнічанню пасольства ФРГ у Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Германіі. Каб дапоўніць вобраз унікальнага выдання, побач з фрагментам арыгінальнага помніка на выставе будзе дэманстравацца факсімільнае выданне поўнай Бібліі Гутэнберга, выкананае ў 1913 годзе ў тым жа Лейпцыгу. Сёння гэта выданне таксама лічыцца бібліяграфічнай рэдкасцю, яно прыбыло на выставу з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.
БелТА


Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *