У першым паўгоддзі знізілася злачыннасць
Опубликовал

У першым паўгоддзі знізілася злачыннасць

Аналіз стану злачыннасці сведчыць, што на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў першым паўгоддзі 2017 года адбылося зніжэнне як агульнай злачыннасці са 118 у першым паўгоддзі 2016 года да 94 сёлета (мінус 24 злачынствы, або мінус 20,3%), так і зніжэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку з 76 да 59 (мінус 17, або на мінус 22,4%). Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва паменшыўся і склаў 37,5% (мінус 8,6%).

За першае паўгоддзе 2017 года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 5 злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх: прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў — 1 (плюс 1), разбойныя напады — 1 (плюс 1), палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, — 2 (плюс 2), незаконныя дзеянні ў адносінах да зброі — 1 (плюс 1).

Колькасць крадзяжоў у цэлым па раёне паменшылася з 53 да 37 (мінус 30,2%). Аднак адзначаецца рост крадзяжоў маёмасці прадпрыемстваў і арганізацый — 5 (плюс 1). Найбольш распаўсюджаным спосабам учынення крадзяжоў па-ранейшаму з’яўляюцца свабодны доступ (53%), пранікненне ў памяшканне (23%), вырыванне ўстройстваў, якiя зачыняюцца (12%).

Аналіз злачынстваў гэтай катэгорыі паказвае, што сярод зарэгістраваных злачынстваў у сельскай мясцовасці пераважаюць крадзяжы. Іх удзельная вага ад агульнай колькасці ўчыненых злачынстваў склала 43,3%. Улічваючы зніжэнне злачыннасці, агульнага росту колькасці зарэгістраваных крадзяжоў у сельскай мясцовасці не адбылося — 26 (мінус 11, або мінус 29,7%).

У першым паўгоддзі 2017 года не дапушчана забойстваў і замахаў на забойствы, вымагальніцтваў, рабаванняў, махлярстваў, згвалтаванняў, крадзяжоў аўтатранспарту.

Па лініі барацьбы з эканамічнай злачыннасцю выяўлены тры злачынствы, або 4,2% ад агульнай колькасці ўчыненых злачынстваў. Пры гэтым, улічанай засталася адна крымінальная справа па частцы 1 артыкула 427 КК РБ. Папярэдняе расследаванне па дзвюх астатніх спынена ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.
У параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года назіраецца істотнае зніжэнне выяўленых эканамічных злачынстваў (з 11 да 1). Не выяўлена фактаў хабарніцтва, крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванняў уладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Актуальнай застаецца праблема барацьбы з наркаманіяй: зарэгістраваны 2 злачынствы. Суб’ектам прафілактыкі Дзятлаўскага раёна, асабліва службе наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама, неабходна трымаць гэта пытанне на кантролі.

Надаецца ўвага прафілактыцы ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, звязаных з замахамі на жыццё і здароўе грамадзян: у мінулым годзе пракуратурай былі ўзбуджаны 8 крымінальных спраў па прэвентыўных артыкулах Крымінальнага кодэкса. З іх 3 — па фактах прычынення лёгкага цялеснага пашкоджання, 3 — па фактах пагрозы забойствам, 2 — па фактах катавання. Таксама з мэтай прафілактыкі 4 асобы, схільныя да ўчынення злачынстваў на сямейна-бытавой глебе з выкарыстаннем гвалту да родных і блізкіх, пракуратурай раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці (артыкул 9.1 КоАП Рэспублікі Беларусь).

Аналіз стану злачыннасці, правапарадку і законнасці на тэрыторыі раёна дазваляе зрабіць выснову, што праведзены ў першым паўгоддзі 2017 года органамі дзяржаўнага кіравання, праваахоўнымі і кантралюючым органамі, суб’ектамі прафілактыкі комплекс арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў даў пэўны станоўчы вынік, спрыяў паляпшэнню крымінагеннай абстаноўкі ў раёне і захаванню законнасці.

А. ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

0 0 113 08 Сентябрь, 2017 Правапарадак Сентябрь 8, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *