Свяціцель Георгій
Опубликовал

Свяціцель Георгій

У гэтым годзе спаўняецца 300 гадоў з дня нараджэння свяціцеля Георгія Каніскага, архіепіскапа Магілёўскага. Нялёгкі быў жыццёвы шлях гэтага служыцеля Божага і абаронцы Праваслаўя.

Нарадзіўся ён у 1717 годзе ва ўкраінскай дваранскай сям’і. У 1744 годзе скончыў навучанне ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе застаўся выкладчыкам паэзіі, філасофіі, багаслоўя. У Кіева-Пячорскай Лаўры прыняў манаскі пострыг. Але найбольш значны след у гісторыі Царквы пакінула служэнне свяціцеля Георгія Каніскага ў сане архіпастыра ў самы цяжкі для праваслаўных Белай Русі час.

Да сярэдзіны XVIII стагоддзя на тэрыторыі Беларусі заставалася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у горадзе Магілёве, адкуль папа Рымскі таксама патрабаваў выгнаць праваслаўнага епіскапа. Аднак Божай воляй у 1755 годзе на Магілёўскую кафедру быў назначаны архімандрыт Георгій Каніскі, які даў добраахвотную згоду стаць епіскапам у Польшчы, добра разумеючы свой будучы цярністы шлях святарскага служэння. На той момант храмаў у праваслаўных на беларускіх землях заставалася толькі каля 150, і іх колькасць пастаянна змяншалася. Лацінскія і ўніяцкія місіянеры, паны прымушалі прыгонных сялян прымаць каталіцтва.

Але нішто не палохала свяціцеля Георгія. Чалавек моцнай волі і нястрымнай энергіі, які выдатна ведаў грамадзянскае права і судаводства, польскую і беларуска-літоўскую гісторыю, свабодна валодаў польскай мовай, ён мужна і смела абараняў праваслаўе. Нягледзячы на цяжкасці, адкрыў Магілёўскую духоўную семінарыю, заснаваў некалькі ўсесаслоўных школ, а ў заснаванай свяціцелем у Магілёве друкарні пачалі выходзіць царкоўныя кнігі, першай з якіх стаў “Кароткі катэхізіс”.

Некалькі гадоў свяціцель рыхтаваў праваслаўную аргументацыю для абароны Праваслаўя ў Рэчы Паспалітай, і ў 1765 годзе перад каралём Станіславам Панятоўскім гаварыў прамову, якая была перакладзена на многія мовы і стала вядомай у Еўропе: “Вера наша – вось адзінае злачынства, у якім нас абвінавачваюць… Мы хрысціяне, але хрысціянамі прыгнятаемся за тое, што мы не асмельваемся тлумачыць вечныя Божыя законы згодна з паданнямі чалавечымі і, так бы мовіць, не змешваем неба з зямлёю, — за гэта, кажу, называюць нас схізматыкамі і богаадступнікамі. За тое, што баімся пярэчыць з бессаромнасцю голасу сумлення, асуджаюць нас на зняволенні ў турмы, на раны, на ганебнае пакаранне смерцю і спаленне!”.

На працягу трох гадоў свяціцель Георгій знаходзіўся ў Варшаве, дзе падрыхтаваў і выдаў збор законаў Рэчы Паспалітай, якія гарантуюць правы праваслаўнай веры (“Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання ў Польшчы і Літве”), падаваў у сеймы патрабаванні аб вяртанні аднятых цэркваў, дабіваўся выдання законаў, якія гарантуюць свабоду праваслаўнай веры. Калі ж гэтыя патрабаванні на паперы былі задаволены, у Рэчы Паспалітай пачалася каталіцкая рэакцыя: ганенні на праваслаўных дасягнулі свайго апагея. Жыццё свяціцеля Георгія аказалася ў небяспецы. Ён вымушаны быў пакінуць краіну і знаходзіўся ў Смаленску да першага падзелу Польшчы 1772 года. Пасля ўсе перажытыя цяжкасці ў Польска-Літоўскай дзяржаве свяціцель Георгій выказаў адной фразай: “Сямнаццаць гадоў змагаўся я з ваўкамі”.

Апынуўшыся пад уладай Расійскай імперыі, свяціцель Георгій пастараўся здзейсніць сваю запаветную мару – вярнуць у Праваслаўе ўніятаў. З гэтай мэтай было разаслана па ўсёй Беларусі пасланне да жадаючых уз’яднацца з Праваслаўем, і ў 1780 годзе да веры продкаў вярнулася 112 тысяч беларусаў. За кароткі перыяд з Праваслаўнай Царквой уз’ядналася каля 1,5 мільёна ўніятаў, з іх больш за 200 тысяч беларусаў, астатнія – украінцы.
Свяціцель Георгій па шырыні сваёй дзейнасці вядомы багаслоўскімі працамі, гістарычнымі сачыненнямі, пропаведзямі і палемічнымі трактатамі. Гасподзь даў яму ўбачыць многія плады нястомнай працы перад мірнай смерцю ў 1795 годзе. Цела свяціцеля аказалася нятленным. Гэта было выяўлена ў час Айчыннай вайны 1812 года французамі, якія шукалі каштоўнасці ў склепе Спаскага храма, а таксама пры яго рамонце ў 1875 годзе.

Цяпер месца знаходжання святых мошчаў свяціцеля Георгія невядомае. Яго праслаўленне ў ліку святых адбылося ў 1993 годзе. 26 лютага (дзень смерці) і 6 жніўня (дзень праслаўлення) адзначаюць як дзень яго памяці.
300-гадовы юбілей гэтага ўгодніка Божага і вялікага працаўніка на ніве Хрыстовай праслаўляе наша Святая Праваслаўная Царква, просячы яго малітваў ля Прастола Божага для ўмацавання Праваслаўя на землях Белай Русі.

Протаіерэй М. ПІНЧУК,
благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподняга г. Дзятлава

0 0 104 12 Сентябрь, 2017 Сацыяльная сфера Сентябрь 12, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *