Прадаўцы «чыстай вады»
Опубликовал

Прадаўцы «чыстай вады»

Пачасціліся звароты грамадзян у праваахоўныя органы са скаргамі на дакучлівых прадаўцоў фільтраў для вады, якія яны настойліва прапаноўваюць набыць па завышаных цэнах.

Калі разглядаць дзеянні такіх прадаўцоў з юрыдычнага пункту гледжання — усё законна і афіцыйна: кампанія зарэгістравана, плаціць падаткі. Аднак для патэнцыяльных кліентаў яны сапраўдныя махляры, якія спрабуюць любым чынам «вывудзіць» з ахвяр грошы, прадаюць тавар па цане, якая ў некалькі разоў перавышае рыначную, дзенічаюць вельмі напорыста.

Мэтавая аўдыторыя прадаўцоў фільтраў для вады — людзі пажылога ўзросту, якіх лягчэй пераканаць у неабходнасці здзелкі. Дзейнічаюць прадаўцы (кансультанты) прыкладна па адной схеме. Днём, калі малодшае пакаленне працуе, яны звоняць у дзверы магчымых кліентаў, прадстаўляюцца работнікамі фірмы, расказваюць, якая няякасная і небяспечная для жыцця вада цячэ з крана. Гаспадару прапаноўваюць праверыць якасць вады спецыяльным прыборам. Хто добра вучыў хімію ў школе, ведае, што ў выніку электоліза ў вадзе выпадае асадак соляў, і гэта нармальна. Не здараецца такога толькі з дыстыляванай вадой, якую прадаўцы выдаюць за адфільтраваную. Затым яны правяраюць трубы на магчымасць устаноўкі фільтра і хутка манціруюць прыстасаванне, не даючы гаспадару апомніцца. У выніку гаспадар падпісвае кантракт на круглую суму, якая можа даходзіць да некалькіх тысяч долараў. Калі такіх грошай у пакупніка няма, на яго афармляюць крэдыт, узяўшы першапачатковы ўзнос.

Пазней пакупнік можа апамятацца, пазваніць з просьбай скасаваць кантракт і забраць фільтр, але за дэмантаж прадаўцы могуць запатрабаваць з яго грошы і ранейшы ўзнос яму таксама не вернуць. Пры гэтым, калі кліент перастае выплачваць крэдыт, набягае пеня, расце запазычанасць.

Як правіла, прадаўцы фільтраў дзейнічаюць у пары: пакуль адзін расказвае, другі ўжо ўстанаўлівае фільтр. Пакупнікам яны гавораць пра скідкі для пенсіянераў, бясплатную праверку якасці вады, якая адбываецца толькі сёння па акцыі. Фільтры найчасцей выкарыстоўваюць танныя, невядомых вытворцаў, без маркіроўкі.

Каб не страціць свае грошы, будзьце абачлівыя, абавязкова раскажыце пра гэту схему сваім родным і знаёмым. Патлумачце, што не існуе ніякіх дзяржаўных праграм па абавязковай устаноўцы фільтраў для вады. Уважліва чытайце ўсе дагаворы, якія прапаноўваюць вам падпісаць. Падобная схема продажаў выкарыстоўваецца не толькі для фільтраў, але і для іншых тавараў. Абачлівасць і асцярожнасць дапамогуць вам пазбегнуць у далейшым судовых цяжбаў і паходаў у праваахоўныя органы.

А. ЯКІМЧЫК,
старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі АУС Дзятлаўскага райвыканкама

І. ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні

0 0 80 08 Сентябрь, 2017 Правапарадак Сентябрь 8, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *