Міліцыянеры — на веласіпедах, дзеці — у бронекамізэльках
Опубликовал

Міліцыянеры — на веласіпедах, дзеці — у бронекамізэльках

Веласіпедысты — супрацоўнікі дзятлаўскай міліцыі арганізавалі велапрабег з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Міліцыянеры адправіліся ў дзіцячае аддзяленне «Баравічок» пры санаторыі «Радон», дзе больш за 200 дзяцей сустрэлі новы навучальны год.

Кіраўнік «Баравічка» Уладзімір Мармыш разам з педагогамі правялі для наведвальнікаў экскурсію па «Баравічку». Затым супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх паразмаўлялі са школьнікамі аб правілах паводзін і бяспекі ў грамадскіх месцах, паказалі тэматычны фільм і запрасілі на мясцовы стадыён, дзе дзяцей чакаў невялікі сюрпрыз.

Прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў Ігар Пачабыт і Аляксей Якімчык прадэманстравалі школьнікам свае прафесійныя прылады. Пасля гэтага ў хлопцаў і дзяўчат была магчымасць прымерыць міліцэйскія каскі, зладзіць дэфіле ў бронекамізэльках, разглядзець зброю. Таксама дзецям было цікава выпрабаваць адзін на адным сапраўдныя наручнікі, а для таго, каб пасядзець і нават пакатацца ў міліцэйскай машыне, некаторым прыйшлося набрацца цярпення і пастаяць у чарзе.

— У Дзень ведаў, дзякуючы такой акцыі, дзеці даведаліся шмат новага. Для іх гэта карысна. Калі дзеці прыязджаюць да нас у санаторый, мы расказваем ім аб правілах паводзін і бяспекі жыццядзейнасці, а сёння супрацоўнікі міліцыі нагадалі аб выкананні пэўных правілаў, каб захаваць сваё жыццё і сваё здароўе, — пракаментавала мерапрыемства намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Варган.
Пасля правядзення прафілактыкі для дзяцей міліцыянеры адправіліся на веласіпедах у горад, абяцаючы, што гэты велапрабег не апошні на Дзятлаўшчыне, і з такой акцыяй супрацоўнікі АУС будуць наведваць іншыя навучальныя ўстановы ў раёне.

У сустрэчы паўдзельнічала і першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Кацярына Хілімончык.

Ю. БАКУНОВІЧ.
Фота аўтара

5 0 227 09 Сентябрь, 2017 Мясцовыя навіны Сентябрь 9, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *