Знакамітыя вучоныя нашай мясцовасці

Падзеі

Гісторыя прыгожага краю, які мы называем сваёй малой радзімай, стваралася на працягу некалькіх стагоддзяў, і цяпер мы ствараем яе літаральна ў гэтую хвіліну. Лепшыя прадстаўнікі кожнага пакалення зямлі, што тут нараджаліся і жылі, пакідалі свой значны і добры след, таму яна такая прыгожая – наша малая радзіма! Чыесьці імёны, на жаль, незваротна згублены ў мінулым. А вось у наш век інфарматызацыі і прагрэсіўных тэхналогій не цяжка зберагчы для нашчадкаў тое, што яшчэ магчыма, што ім будзе патрэбна для нармальнага існавання і як надзейны падмурак у гістарычнай памяці. Дарэчы, думаецца, яны таксама ацэняць прыгажосць роднай прыроды і населеных пунктаў, будуць памятаць тыя імёны, якія мы для іх захаваем, калі самі іх не страцім.

А цяпер пазнаёмімся з вучонымі нашай мясцовасці, якія працягваюць сваю навуковую працу, пакідаюць значны след для нашчадкаў, выдаюць кнігі па навуцы — гэта  Эдуард Іосіфавіч Груда і Аляксандр Іванавіч Лакотка.

Эдуард Іосіфавіч Груда нарадзіўся 29 лістапада 1936 года ў вёсцы Данілавічы ў сялянскай сям’і. У 1954 годзе скончыў Наваельнянскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у лабараторыі дыферэнцыяльных ураўненняў Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР. Прайшоў творчы шлях ад малодшага да галоўнага навуковага супрацоўніка інстытута.

У 1964 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1966 годзе яму прысвоена вучонае званне старшага навуковага супрацоўніка. У 1973 годзе Эдуард Іосіфівіч абараніў доктарскую дысертацыю. Ён апублікаваў больш за 120 навуковых работ, падрыхтаваў 7 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук. У 1991 годзе яму прысвоена вучонае званне прафесара.

Аляксандр Іванавіч Лакотка нарадзіўся 25 студзеня 1955 года ў вёсцы Кузьмічы Дзятлаўскага раёна ў сям’і настаўнікаў. З 1972 па 1977 гады вучыўся на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута.

Ён працаваў у галіне тэорыі і гісторыі архітэктуры, аховы і рэстаўрацыі архітэктурнай спадчыны, развіцця турызму. Даследаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці беларускага народнага дойлідства, раскрыў нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Ён выявіў вялікую колькасць помнікаў народнага дойлідства, што паслужыла асновай для стварэння музея народнай архітэктуры пад адкрытым небам.

Аляксандр Іванавіч – аўтар праектаў рэстаўрацыі шэрагу аб’ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, старшыня савета па абароне доктарскіх дысертацый па мастацтвазнаўчых спецыяльнасцях, член Саюза архітэктараў Беларусі, член Еўрапейскага Савета па культуры, віцэ-прэзідэнт секцыі па архітэктуры і дызайне Міжнароднай арганізацыі па народнай творчасці пры ЮНЕСКА. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі НАН Беларусі за манаграфію “Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры”, прэміі “За духоўнае адраджэнне” за ўдзел у падрыхтоўцы шматтомнага выдання «Беларусы», прэміі НАН Беларусі за канцэпцыю стварэння зон турысцка-рэкрэацыйнага тыпу. Аўтар больш чым 250 навуковых работ, у тым ліку 24 кніг і манаграфій.

Скарбонка творчасці нашых землякоў невычэрпная… Таму і мы павінны памятаць, ведаць і шанаваць іх.

Ж. КУР’ЯН,
бібліятэкар Данілавіцкай сельскай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *