Свята пасёлка Гезгалы

Падзеі

Пасёлак любы, сэрцу дарагі

Пад такой назвай 26 жніўня адбылося ваенна-спартыўнае свята ў пасёлку Гезгалы. Свята праводзілася ўпершыню. Запрашэнне на яго атрымалі ўсе, хто служыў і працаваў у колішнім ваенным гарадку. Прысутных павіталі старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык і старшыня мясцовай пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл Аляксандр Волкаў. Прысутным былі адрасаваны пажаданні  прыемна бавіць час, добра адпачыць.

— Сёння цяжка ўявіць, што 20 гадоў таму амаль увесь пасёлак насіў пагоны, — зазначыў Аляксандр Волкаў. – Але тут засталіся і жывуць ваенныя пенсіянеры. Радасна бачыць знаёмых былых вайскоўцаў, а засмучае тое, што з гадамі нас становіцца менш. Таму здароўя ўсім і дабра.

Больш за 30 гадоў гезгалаўскія ракетчыкі былі ў складзе войск стратэгічнага прызначэння. І менавіта тут адбылася адметная падзея: 27 лістапада 1996 года  былі вывезены апошнія балістычныя ракеты. Беларусь набыла статус без’ядзернай дзяржавы, стала першай у свеце краінай, якая адмовілася ад ядзернай зброі добраахвотна.

Да віншаванняў дадалі свае музычныя падарункі ўзорны ансамбль скрыпачоў “Зорачкі”,  танцавальная група і Наталля Капковіч.Затым гасцей свята запрасілі паглядзець на паказальныя выступленні ратаўнікоў. Можна было пабачыць амуніцыю і прылады, якія выкарыстоўваюць работнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзятва імкнулася пасядзець за рулём пажарнай машыны, а бацькі – зрабіць пабольш фотаздымкаў. Асаблівае захапленне выклікалі ў гледачоў  “фантаны” і магутныя  струмені вады, падаваемай з устаноўкі. Сельская вясёлая эстафета “Адзін у полі не воін” прадоўжыла  святочную праграму. Камандам давялося прайсці выпрабаванні ў пяці конкурсах. На пачатку – сабрацца па баявой трывозе, а затым – пераадолець “балота”, падарваць танк, пахадзіць на “лыжах”. У апошнім жартоўным выпрабаванні – хуценька пацалаваць дзяўчыну. Спачатку ў лідарах былі медыкі, але паступова ратаўнікі выцеснілі іх з “перадавой”. Перамогу журы прысудзіла камандзе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, за якую выступалі Андрэй Багдзель (капітан), Дзмітрый Ляўкевіч, Сяргей Лях, Кацярына Раманенка, Аксана Дабрынская. Музычную частку свята  склалі выступленні духавога аркестра з Наваельні і дзіцячая канцэртная праграма патрыятычнай песні “Няхай заўжды будзе сонца”. Аркестранты прапанавалі паслухаць вядомыя музычныя кампазіцыі, а юныя спевакі – песні ваенных гадоў  “Смуглянка”, “Кацюша”, песні пра Радзіму.

Цёпла прымалі гледачы Ксенію Шыкуць, Эльвіру Задзярэй, Яўгенію Макарчук, Анастасію Жэмайтук, Алесю Кастусік, узорны ансамбль скрыпачоў “Зорачкі”.

На гэтым мерапрыемства не закончылася. Жыхароў пасёлка і гасцей  запрасілі работнікі мясцовага Дома культуры ў сваю ўстанову на канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”.

На працягу свята працавалі гандлёвыя кропкі. Госці свята мелі магчымасць паспытаць салдацкую кашу. Для малечы працавалі атракцыёны. Прыватныя прадпрымальнікі гандлявалі папкорнам, цацкамі. Можна было пастраляць у ціры і зарабіць прыз.

І. Міхайлоўская

Фота Б. Варны



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *