Карпы ў студнi

Падзеі

Літаратурныя абразкі Анастасіі Забелінай

Вось як было. Злавiў калiсьці мой дзед (нават язык не паварочваецца так яго называць: да таго ж малады i шпаркi ён быў тады, бабуля таксама шпаркая, нават да цяперашняга часу). Дык на чым я спынiлася? Злавiў калiсьці дзядуля двух карпаў, дакладней — малых карпiкаў. Пашкадавалі iх на патэльню класці, бо нават кату мала чым было паласавацца.

Вырашылi дзядуля з бабуляй карпікаў у студні пасялiць, каб студню чысцiлi. Заадно i акварыум вясковы займець. Назвалi аднаго Шкарпэтка, а другога — Карпэтка. Жылi сабе цiхенька карпы на дне студнi, падрасталi, студню чысцiлi. А калi хто да студнi iшоў, то ўсе ведалi, што Карпэтка i Шкарпэтка там жывуць. Папярэджвалi iх, каб у вядро не заплылі — бабуля, наогул, мае звычку з усiмi сваiмi жывёлiнамi размаўляць. Яна карпаў i прывучыла: калi падыходзiла да студнi, то пачынала з iмi размаўляць. I хутка Карпэтка i Шкарпэтка зразумелi, што трэба, калі хто падыходзiць i размаўляе, хутчэй уцякаць на дно, каб вядро па галаве не ўдарыла, а яшчэ горш, каб не вылавiлi, бо тады ўжо дакладна — на патэльню.

Ну, пра патэльню я нафантазіравала: пра яе карпы можа i не ведалi, але заўсёды ўцякалi, толькi чуваць было, як хвасты па вадзе б’юць.

Жылi яны ў студні шмат зiмаў i вёснаў, вялiкiя выраслі на калодзежным глеi.

I трэба ж было прыехаць у госцi да бабулі з дзядулем цётцы Алене, пайсцi па ваду цiхенька, зачэрпаць са студнi — i вылавiць вялікага карпа. Нiхто не ведае: Шкарпэтка гэта была цi Карпэтка, але праўду скажу, не схлушу: крык чула ўся вёска.

Бабуля потым казала, што ледзьве не памерла, бо думала, што ў студню нехта зваліўся. Такi быў лямант! А цётка Алена моцна спалохалася. Яшчэ тыдзень бабуля, як медыцынскi работнік, адпойвала яе рознымi зёлкамі ды настоямi. Карпу ж у той дзень пашанцавала: не трапіў ён на патэльню. Вiдаць, цётка Алена яго таксама моцна спалохала, бо, б’ючыся ў вядры, кульнуў ён назад, у студню. Карп хуценька вярнуўся ў сваё жытло, на дно калодзежа. А бабуля ў парыве злосцi адразу ж наказала дзеду вывудзiць Карпэтку i Шкарпэтку. Але госця пашкадавала небаракаў, папрасіла памілаваць іх на гэты раз. А як вядома, для беларусаў, людзей гасцiнных, словы гасцей — закон. Так i засталiся карпы жыць у студнi, пашчасцiла iм.

Анастасія Забеліна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *