Пакаранне за падман

Падзеі

У чэрвені 2017 года фінансавай міліцыяй горада Слоніма закончана дакументальная праверка аднаго са сталічных камерцыйных прадпрыемстваў, якое “працавала” з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Схема работы заключалася ў набыцці і пастаўках таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў медыцынскага прызначэння ў ланцужку з расійскімі контрагентамі, якія на самой справе статутнай дзейнасці не ажыццяўлялі, а іх намінальныя кіраўнікі ніякіх здзелак з беларускімі фірмамі не заключалі, тавар не адгружалі і не атрымлівалі. Вынікам праверкі стала паступленне ў бюджэт рэспублікі больш за 2 мільярдаў недэнамінаваных рублёў падаткаў, збораў, пеняў і адміністрацыйных спагнанняў.

Акрамя таго, цэнтральным апаратам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты падаткаў, выяўленая фінансавай міліцыяй Слоніма.

Падобнымі здзелкамі з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі вызначылася і слонімская камерцыйная фірма, праверку якой фінансавая міліцыя завяршыла яшчэ ў 2015 годзе. Штрафныя санкцыі, што засталіся нявыплачанымі з таго часу і якія складаюць звыш 100 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, паступаюць у бюджэт дзяржавы цяпер.

Барацьба з ілжэпрадпрымальніцтвам з’яўляецца адной з прыярытэтных задач у рабоце фінансавай міліцыі. У чэрвені 2017 года міжраённы аддзел удзельнічаў у маштабных мерапрыемствах абласнога ўпраўлення, якія праводзяцца на тэрыторыі рэспублікі, па спыненні дзейнасці чарговай злачыннай групы лжэпрадпрымальнікаў. Вынікам работы слонімскай фінансавай міліцыі стала адпрацоўка трох суб’ектаў гаспадарання, якія працавалі з ілжэпрадпрымальнікамі. У дачыненні да 6 чалавек распачата крымінальная справа па факце ўхілення ад выплаты падаткаў, дапамогі ў гэтым, а ў дачыненні да дзвюх камерцыйных фірмаў, якія працавалі з ілжэпрадпрымальнікамі, праводзяцца дакументальныя праверкі. Сумы паступленняў у бюджэт па іх складуць больш за 1 мільярд недэнамінаваных рублёў.

Калі вы сутыкнуліся з неправамернымі дзеяннямі суб’ектаў гаспадарання пры рэалізацыі тавараў, работ, паслугаў, а таксама валодаеце звесткамі аб ажыццяўленні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, ухіленні ад выплаты падаткаў, парушэнні заканадаўства аб банкруцтве, незаконных валютна-абменных аперацыях, Слонімскі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў гатовы разгледзець адпаведную інфармацыю з прымяненнем да парушальнікаў самых строгіх мераў адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Ананімнасць гарантуем. Нашы тэлефоны і кантактныя дадзеныя: 8-01562-64-3-80, 64-3-81, 64-3-82, г. Слонім, вул. Горкага, 22.

С. ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *