Лукашэнка даручыў завяршыць уборку збожжавых максімум да 20 жніўня

Да ведама грамадзян

«Уборку ў асноўнай масе трэба завяршыць у першай палавіне, у крайнім выпадку — да 20 жніўня», — даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя вельмі няпростая — з-за ўмоў надвор’я, іншых фактараў зрушыліся тэрміны як вясенняй пасяўной, так і выспявання ўраджаю. «На 8-10 дзён мы ўжо спазняемся», — канстатаваў ён.

«Ускладняе сітуацыю і высокая ўшчыльненасць работ. Разам з уборкай збожжавых неабходна весці церабленне лёну, другі ўкос шматгадовых траў (першага, як вы разумееце, практычна не было), сяўбу паржышчавых культур і многае іншае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Застаўся кароткі перыяд часу, на працягу якога нам неабходна кардынальна паскорыць усе працэсы, каб, з аднаго боку, убраць ураджай, не страціўшы ніводнага зярняткі, з іншага — пачаць падрыхтоўку да пасяўной азімых культур».

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер тэмпы ўборкі збожжавых вельмі нізкія — за дзень убіраецца не больш як 2-3 працэнты плошчаў. «Адразу адзначу: усё, што залежыць ад дзяржавы, для паспяховай уборачнай кампаніі зроблена. Фінансавыя рэсурсы ёсць, гаспадаркі забяспечаны тэхнікай (прынамсі, ніхто не ставіць пытанняў па тэхніцы), па паліве на мінулым тыдні падпісана маё адпаведнае распараджэнне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш, у шэрагу рэгіёнаў дрэнна падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі, у тым ліку стаяць амаль 7-8 працэнтаў няспраўных уборачных камбайнаў, не адрамантаваны некаторыя зернесушылкі, у шэрагу гаспадарак адчуваецца няхватка механізатараў. Не ўсюды належным чынам паклапаціліся аб забеспячэнні тэхнікі гаручым, запаснымі часткамі, з-за чаго магчымы страты рабочага часу.

«Нельга дапусціць, каб, як гэта нярэдка бывае, механізм уборачнай кампаніі працаваў у запаволеным рэжыме. Гэта пагражае непазбежнымі стратамі, якіх дапусціць у гэтым годзе нельга», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся ў адказных за ход уборачнай кампаніі, чаму дрэнна падрыхтавана тэхніка да ўборкі, і папярэдзіў аб недапушчальнасці прыпісак. «Мэта адна — не дапусціць страт. Мы не можам угнойваць збожжам глебу. У нас лічылася і да гэтага часу разважанні чую ад спецыялістаў, што 8-10 працэнтаў страт — гэта нармальна. А гэта амаль 1 млн т збожжа», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на пытанні тэхналогіі ўборкі з улікам асаблівасцей бягучага года, максімальна эфектыўнага выкарыстання зернесушыльнай гаспадаркі. «Марудзіць з уборкай і, як у нас у вёсцы кажуць, дапускаць выспяванне збожжа да стану 12-13 працэнтаў вільготнасці злачынна. Таму 20 працэнтаў — і трэба пачынаць уборку неадкладна. Трэба запускаць усе зернесушылкі і дасушваць збожжа да патрэбных кандыцый», — сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адно важнае пытанне — людзі, якія заняты на ўборачнай кампаніі. «Іх трэба накарміць, напаіць і гэтак далей. Прафсаюзы галавой за гэта адказваюць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Даручэнні праваахоўным органам аб строгім кантролі за ходам уборачнай кампаніі на мінулым тыдні мною дадзены. Кантроль будзе самым сур’ёзным на падставе тых законаў, якія сёння існуюць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Захаванасць ураджаю — гэта пытанне харчовай бяспекі краіны. Мы не можам дапусціць ніякіх страт».

Адначасова з уборкай грамадскіх пасеваў Прэзідэнт даручыў аказаць неабходную дапамогу і прыватнаму сектару, у тым ліку, калі неабходна, фермерскім гаспадаркам.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тэмпы збожжаўборачных работ звязаны непасрэдна з нарыхтоўкай кармоў з другога ўкосу траў. «Часта на кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнах працуюць адны і тыя ж механізатары. Які стан спраў з механізатарамі? — пацікавіўся ён. — Як вядзецца сяўба пажніўных і паржышчавых культур? Там ёсць вялікі патэнцыял для кормавытворчасці».

Прэзідэнт таксама нагадаў, што аграрны комплекс Беларусі знаходзіцца на этапе вытворчасці «вялікага» малака, а гэта фінансы сельскагаспадарчых арганізацый.

«Трэба хутка ўбіраць збожжавыя культуры і трэба нарыхтаваць больш травяных кармоў», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Яшчэ адна з мэт сённяшняй нарады — забяспечыць зладжанасць і дакладнасць дзеянняў органаў улады і кіравання. Трэба проста ўзварушыць людзей, надаць дынамізм рабоце ўсяго ўборачнага канвеера і не дапусціць страт ураджаю», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што катэгарычна забараняецца ўсё спісваць на надвор’е. «Дай бог, каб кожны год у нас было такое надвор’е. Ідэальны год для сельскай гаспадаркі. Не хлебам адзіным жыве чалавек. Няхай другім укосам, цудоўныя травы, добрыя збожжавыя, ідэальная бульба вырасла, лён нядрэнны, буракі, агародніна. Гэта ж таксама ўраджай. І вельмі важны для чалавека», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«У нас пакуль шмат бязладнасці, элементарнага разгільдзяйства і прыкрых недапрацовак, якія ў цяперашніх умовах недапушчальныя. Цяпер неабходна максімальна напружыцца ўсім і ўбраць з поля збожжа, не расцягваючы работы на месяц-паўтара і не чакаючы, што гасподзь нам пашле лепшае надвор’е. Ні ў якім разе не расслабляцца. Трэба трымаць тэмпы работ не толькі на жніве збожжа, але і на ўборцы іншых культур», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *