Камітэт дзяржкантролю інфармуе

Падзеі

Мяне аштрафавалі! Каго вінаваціць?

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе ўстаноўлены шматлікія факты парушэнняў устаноўленага парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва, адміністрацыйную адказнасць за якія ў роўнай ступені нясуць і старшыня, і ўсе члены прыёмных камісій.

У першым паўгоддзі 2017 года Камітэтам дзяржкантролю вобласці за парушэнне ўстаноўленага парадку прыёмкі аб’ектаў будаўніцтва ў эксплуатацыю да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 87 чалавек на агульную суму штрафу 8 тысяч рублёў.

Найбольш частыя прычыны, што сустракаюцца ў тлумачэннях асобаў, якія дапусцілі парушэнні, — гэта адсутнасць спецыяльных ведаў.

Гэта і выклікае найбольшае здзіўленне, паколькі парадак ажыццяўлення прыёмкі аб’ектаў будаўніцтва ў эксплуатацыю вызначае адзіны нарматыўны прававы акт — пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2011 года №716 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва», у якім выразна вызначаны выпадкі, калі прыёмка аб’екта ў эксплуатацыю забаронена.
Так, для ацэнкі адпаведнасці выкананых работ праектна-каштарыснай, дазвольнай дакументацыі, патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, дасягнення прадугледжаных праектнай дакументацыяй тэхніка-эканамічных паказчыкаў, гатоўнасці інжынернай інфраструктуры сапраўды такія веды патрэбны, і пры прыняцці рашэння аб падпісанні акта прыёмкі члены камісіі вымушаны спадзявацца на меркаванне чалавека, які валодае спецыяльнымі ведамі, і выдадзеныя адпаведнымі дзяржаўнымі органамі заключэнні.

Разам з тым, вялікая частка ўстаноўленых Камітэтам вобласці парушэнняў тычыцца іншага.

Так, прыёмка аб’ектаў у эксплуатацыю забаронена, калі не ўключаны ў склад прыёмачнай камісіі прадстаўнікі забудоўшчыка (заказчыка і падрадчыка — у выпадку заключэння дагавора будаўнічага падраду), распрацоўшчыка праектнай дакументацыі, эксплуатацыйнай арганiзацыi пры яе наяўнасці, мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, а таксама пры адсутнасці станоўчых заключэнняў усіх органаў дзяржаўнага нагляду, якія павінны выдаваць іх па дадзеным аб’екце, пералік якіх утрымліваецца ў той жа пастанове. І для ацэнкі гэтых абставінаў спецыяльных ведаў відавочна не патрабуецца.

Дык хто вінаваты ў тым, што дапушчана парушэнне, даводзіцца прайсці непрыемную працэдуру і выплаціць штраф? Для таго, каб пазбегнуць усяго гэтага, неабходна было толькі знайсці час, вывучыць адзін нарматыўны прававы акт і скарыстацца прадстаўленым у ім правам на матываваную адмову ад падпісання акта прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю пры наяўнасці парушэння.

Н. КРЫВІЦКАЯ,
намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *