Як выконваюцца прагноз развіцця і бюджэт раёна

Падзеі

Асноўнымі пытаннямі парадку дня пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося 31 ліпеня, былі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна за першае паўгоддзе 2017 года; вынікі выканання бюджэту раёна за першае паўгоддзе; збор і здача другасных матэрыяльных рэсурсаў раённымі арганізацыямі ў першым паўгоддзі; ход нарыхтоўкі кармоў сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна; арганізацыя спаборніцтва на ўборцы ўраджаю 2017 года.

Заслухаўшы інфармацыю намеснікаў старшыні райвыканкама М. Бабіны, А. Жыдко, Ю. Залеўскага аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за студзень-чэрвень 2017 года, выканаўчы камітэт адзначыў:

  • за студзень-май бягучага года забяспечана выкананне ключавога паказчыка прагнозу экспарту тавараў (150,5 працэнта пры прагнозе 101,6) і экспарту паслуг (177,9 працэнта пры прагнозе 103,6) без уліку арганізацый, якія падпарадкаваны рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання;
  • выканана заданне па індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі за студзень-чэрвень (104,1 працэнта пры заданні 102,5);
  • выкананы за студзень-чэрвень нарматыў суадносінаў запасаў гатовай прадукцыі ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці па арганізацыях мясцовага падпарадкавання (50,5 працэнта пры даведзеным нарматыве запасаў у 65,1 працэнта);
  • выкананы нарматыў удзельнай вагі знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў агульнай суме знешняй дэбіторскай запазычанасці (на 1 чэрвеня – 0,3 працэнта пры заданні менш за 2 працэнты);
  • выкананы паказчык па колькасці працаўладкаваных грамадзян на новаствораныя рабочыя месцы праз стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў (за студзень-чэрвень 2017 года працаўладкаваны 25 чалавек пры заданні ў 20 чалавек);
  • выканана заданне па тэмпе росту аб’ёму будаўніча-мантажных работ (за студзень-май – 152,5 працэнта пры заданні 101,6);
  • выкананы паказчык па грузаабароце (117,6 працэнта пры заданні 100,2 працэнта да адпаведнага перыяду 2016 года);
  • выкананы паказчык па энергазберажэнні (мінус 3,9 працэнта пры прагнозе мінус 3,2);
  • не выканана заданне па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі (92,4 працэнта пры заданні 102);
  • не выканана заданне па росце намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы (за студзень-май зарплата склала 525,7 рубля пры заданні 604,4);
  • не выкананы паказчык узроўню рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі за першае паўгоддзе (98 працэнтаў пры заданні 100,5).

Выканаўчы камітэт вырашыў указаць на нездавальняючую работу Дзятлаўскай МПМК №147; недастатковую работу па выкананні паказчыка рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі; недастатковую работу ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, КСУП “Русь-Агра”, “Вензавец”, “Слава працы”, “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Белагурна”, ААТ “Граніт-Агра”, селекцыйна-племяннога цэнтра па жывёлагадоўлі, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ААТ “Наваельнянскае міжраённае аб’яднанне па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі”, Дзятлаўскага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Выканаўчы камітэт вырашыў за невыкананне заданняў аб’явіць спагнанні і хадайнічаць аб аб’яўленні спагнанняў кіраўнікам названых арганізацый і прадпрыемстваў.

Выканаўчы камітэт запатрабаваў ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сельскагаспадарчых арганізацый, прадпрыемстваў і ўстановаў раёна забяспечыць за 9 месяцаў 2017 года выкананне задання па тэмпе росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах не менш, чым на 106,5 працэнта да ўзроўню 9 месяцаў 2016 года і палепшыць шэраг іншых вытворчых паказчыкаў.
Разгледзеўшы вынікі выканання бюджэту Дзятлаўскага раёна за першую палову 2017 года, раённы выканаўчы камітэт адзначыў, што даходы бюджэту раёна за шэсць месяцаў бягучага года склалі 12 869 174 рублі – 42,9 працэнта ад удакладненага гадавога плану.

За справаздачны перыяд у бюджэт раёна паступіла 7 882 073 рублі ўласных даходаў і паступленняў – выкананне гадавога ўдакладненага плана склала 44,6 працэнта.

Асноўная ўдзельная вага падатковых даходаў сфарміравана з паступленняў падаходнага падатку з фізічных асобаў (3 382 913 рублёў, ці 42,9 працэнта), з паступленняў падатку на дабаўленую вартасць (1 122 103 рублі, ці 15,1 працэнта).

Павышэнне ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць дадаткова папоўніла бюджэт на 598 154 рублі (7,6 працэнта ад аб’ёму ўласных даходаў бюджэту).

Акрамя таго, у бюджэт паступіла 896 557 рублёў (11,4 працэнта) непадатковых плацяжоў.

Запазычанасць па плацяжах у бюджэт і пазабюджэтныя фонды на 1 ліпеня 2017 года склала 4 524 рублі.
Акрамя ўласных даходаў, у бюджэт Дзятлаўскага раёна атрыманы бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячага бюджэту ў суме 4 987 101 рубель, з гэтай сумы датацыя склала 4 666 035 рублёў (41,58 працэнта гадавога плана).

Расходы бюджэту прафінансаваны на суму 13 782 499 рублёў – 46 працэнтаў удакладненага гадавога плана.
Па функцыянальнай структуры асноўную долю ў расходах бюджэту (79,8 працэнта) займаюць расходы на сацыяльную сферу. На яе фінансаванне накіраваны за шэсць месяцаў 2017 года 10 995 524 рублі, што склала 48,5 працэнта ад удакладненых гадавых прызначэнняў.

Установамі раёна за студзень – чэрвень 2017 года атрыманы 277 090 рублёў даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, у тым ліку ўстановамі аховы здароўя – 139 708 рублёў, установамі адукацыі – 41 436 рублёў, установамі культуры – 67 754 рублі, установамі сацыяльнай абароны – 27 291 рубель.

На ўтрыманне бюджэтных установаў сельскай гаспадаркі накіраваны 136 668 рублёў (38 працэнтаў гадавога плана).

На фінансаванне жыллёва-камунальных паслуг і жыллёвага будаўніцтва за паўгода накіраваны 1 000 400 рублёў, у тым ліку на жыллёва-камунальную гаспадарку – 722 227 рублёў (72,2 працэнта), з іх на субсідзіраванне жыллёва-камунальных паслуг – 709 700 рублёў.

За паўгода на фінансаванне часткі затрат па выкананні прыгарадных пасажырскіх аўтобусных перавозак накіраваны 108 000 рублёў субсідый.

Кансалідаваны бюджэт Дзятлаўскага раёна за студзень-чэрвень 2017 года выкананы з дэфіцытам на суму 913 325 рублёў.

Выканаўчы камітэт прыняў інфармацыю начальніка фінансавага аддзела райвыканкама аб выкананні бюджэту раёна за студзень-чэрвень да ўвагі і абавязаў фінаддзел райвыканкама забяспечыць першачарговае накіраванне сродкаў мясцовых бюджэтаў на выплату заработнай платы работнікам бюджэтных арганізацый, аплату лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, прадуктаў харчавання, камунальных паслуг і выплату трансфертаў насельніцтву.

Кіраўнікі бюджэтных арганізацый раёна абавязаны рацыянальна, эканомна і эфектыўна выкарыстоўваць сродкі бюджэту, няўхільна выконваць бюджэтнае заканадаўства, нарматыўныя акты аб дзяржаўных закупках у Рэспубліцы Беларусь, выканаць прынятыя абавязацельствы па пазабюджэтнай дзейнасці.

Выканаўчы камітэт заслухаў інфармацыю першага намесніка старшыні – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама М. Бабіны аб ходзе нарыхтоўкі кармоў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна і адзначыў, што на 26 ліпеня 2017 года ў сельгасарганізацыях раёна нарыхтаваны 8,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 0,3 цэнтнера кармавых адзінак менш, чым у 2016 годзе.

Выканаўчы камітэт прызнаў работу па нарыхтоўцы кармоў КСУП “Слава працы”, “Вензавец”, “Русь-Агра” нездавальняючай, а работу КСУП “Войневічы”, “Жукоўшчына”, “Белагурна”, “Хвінявічы” – недастатковаю. Кіраўнікі КСУП “Слава працы”, “Вензавец”, “Русь-Агра” прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Выканаўчы камітэт запатрабаваў ад сельгасарганізацый раёна нарыхтаваць не менш, чым па 28 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Выканаўчы камітэт заслухаў інфармацыю начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама С. Малышчыка аб выкананні задання па зборы (нарыхтоўцы) другаснай сыравіны арганізацыямі раёна ў першым паўгоддзі бягучага года і адзначыў, што работа па зборы адходаў паперы і кардону, палімерных адходаў, адходаў электрычнага электроннага абсталявання вядзецца нізкімі тэмпамі. Выканкам адзначыў станоўчую работу па зборы адходаў паперы і кардону санаторыя “Радон”, Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня”, ААТ “Граніт-Агра”, Дзятлаўскага сырзавода, Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Выканаўчы камітэт прызнаў нездавальняючай работу па зборы другаснай сыравіны шэрагу арганізацый раёна, вырашыў аб’явіць, хадайнічаць і рэкамендаваць аб’явіць спагнанні іх кіраўнікам.

Кіраўнікі раённых арганізацый абавязаны выканаць гадавыя заданні па зборы другаснай сыравіны не менш. чым на 75 працэнтаў за 9 месяцаў і на 100 працэнтаў за год.

Выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб арганізацыі спаборніцтва на ўборцы ўраджаю 2017 года (будзе апублікавана ў газеце “Перамога”).

Б. ВАРНА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *