З днём нараджэння, Наваельня! Частка другая: Наваельнянскі зводны аркестр, Аляксей Хлястоў ды іншае
Опубликовал

З днём нараджэння, Наваельня! Частка другая: Наваельнянскі зводны аркестр, Аляксей Хлястоў ды іншае

Работнікі мясцовага Дома культуры падрыхтавалі для наваельнянцаў музычныя віншаванні. Павіншавалі з нараджэннем сёлетніх дзетак і іх бацькоў. А прыбыло ў пасёлку на дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак. Самы маленькі жыхар Наваельні – Цімур Пехаў.

Не абышлі ўвагай людзей шаноўнага ўзросту. Цяпер Наваельня мае восем доўгажыхароў. Гэты наваельнянцы —  Васіль Лапацін, Вера Куцко, Ніна Піваварчык, Марыя Кулакоўская, Леакадзія Сакольнік, Надзея Трусава, Вольга Кардаш —  вартыя, каб пра іх ведалі, бо менавіта і іх праца – у дабрабыце пасёлка. А самая багатая на гады – Ніна Гваздзёва: сёлета ёй спаўняецца 96 гадоў. Зразумела, што самыя малыя і пажылыя не змаглі пабыць на ўрачыстасці, але гаспадыні свята Наталля Нагорная і Галіна Сушко словамі, а прысутныя  землякі — апладысментамі жадалі ім самага добрага.

Прыемны падарунак землякам падрыхтаваў Анатоль Кардаш – выставу сваіх карцін. На палотнах пазнаеш знаёмыя мясціны і пабудовы: касцёл у Наваельні, ГЭС,  бераг возера…  Маляваць Анатоль Кардаш пачаў каля трыццаці гадоў таму. Як жартам і ўсур’ёз расказаў сам мастак, пасля зарплаты зайшоў у краму, купіў усё неабходнае і стаў маляваць. На той час працаваў галоўным прававым інспектарам Беларускага прафсаюза чыгуначнікаў. Цяпер, калі пайшоў на адпачынак, Анатоль Кардаш жыве ў Наваельні, даглядае матулю, вядзе гаспадарку. Мастак стварыў каля 300 работ, многія з якіх раз’ехаліся па свеце – у Прыбалтыку, Італію, ЗША, Украіну, Расію. На свяце Анатолю Аляксандравічу падзякавалі за актыўны ўдзел у жыцці пасёлка: менавіта летась ён быў ініцыятарам і арганізатарам правядзення ў Наваельні Міжнароднага турысцкага злёту чыгуначнікаў.

Талентамі Наваельня не абдзелена. І пацвярджэнне таму – Наваельнянскі духавы аркестр, кожнае пакаленне якога шануе і прадаўжае традыцыі тых, хто стаяў каля вытокаў гэтага калектыву. У дзень нараджэння Наваельні  музыканты ўшанавалі памяць усіх, каго з імі няма: жалобны спіс – гэта, можна сказаць, цэлы аркестр. Аркестранты да ўрачыстасці наведалі могілкі, а ў час канцэрта Аляксандр Саалятэ назваў іх пайменна і праспяваў песню памяці тых, хто пайшоў на нябёсы.Зводны духавы аркестр, які папоўніўся моладдзю, выканаў мелодыі вядомыя і новыя.   Затым канцэртны вечар у пасёлку прадоўжыў эстрадны спявак Аляксей Хлястоў.

Дзень нараджэння Наваельні сабраў шмат жыхароў. Дарослыя і малеча запоўнілі пасялковы стадыён. Наваельнянцы мелі магчымасць паслухаць песні і музыку, патанцаваць, пачаставацца прысмакамі, якімі гандлявалі кропкі райспажыўтаварыства і   прыватныя прадпрымальнікі, попыт быў на атракцыёны і бяспройгрышную латарэю.

І. Міхайлоўская

Фота Б. Варны

3 0 530 20 Август, 2017 Падзеі Август 20, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *