За гвалт у сям’і — у турму
Опубликовал

За гвалт у сям’і — у турму

У нашай краіне надаецца вялікая ўвага барацьбе з правапарушэннямі і злачынствамі, якія ўчыняюцца сярод членаў сям’і. Многія цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы пачынаюцца з дробных правапарушэнняў, нязначных сварак і канфліктаў. Дастатковая ўвага надаецца барацьбе з хатнім гвалтам супрацоўнікамі АУС Дзятлаўскага райвыканкама. Вялікая колькасць аматараў паскандаліць у сям’і прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, аднак не ўсе грамадзяне робяць правільныя высновы з таго, што здарылася, і працягваюць парушаць закон.

Напрыклад, 62-гадовы жыхар Л. з вёскі Лядзіны шэсць разоў пабыў на прымусовым лячэнні ад алкагалізму ў лячэбна-працоўным прафілакторыі і адзін раз — у арыштным доме за гвалт у дачыненні да сваёй жонкі. Здаецца, пасля строгай школы жыцця чалавек пенсійнага ўзросту мог бы зрабіць правільныя высновы і выправіцца, аднак Л. працягваў фізічна і псіхалагічна ўздзейнічаць на сваю жонку.

На працягу паўгода ён сем разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да жонкі, якія учыняў п’яным. За гэта амаль кожны месяц мужчына быў кліентам міліцыі і суда Дзятлаўскага раёна, атрымліваў адміністрацыйны арышт.

У адзін з майскіх дзён бягучага года ў алкагольным ап’яненні Л. на вачах у суседзяў пагражаў забіць жонку касой. На шчасце, жанчына паспела схавацца ў хляве. Па дадзеным факце пракурор Дзятлаўскага раёна ўзбудзіў крымінальную справу паводле артыкула 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — пагроза забойствам.

У час папярэдняга расследавання высветлілася, што Л. сем разоў жорстка біў сваю жонку. Гэтыя выпадкі сталі прычынай узбуджэння яшчэ адной крымінальнай справы па артыкуле 154 Крымінальнага кодэкса Беларусі — катаванне. Віна абвінавачанага ва ўчыненні злачынства была цалкам даказана.

У ліпені гэтага года судом Дзятлаўскага раёна Л. быў асуджаны па сукупнасці учыненых злачынстваў на год пазбаўлення волі. Адбываць пакаранне ён прымушаны ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Там жа мужчыну будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.

Спадзяюся, што гэта гісторыя дапаможа грамадзянам, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за прычыненне фізічных і псіхічных пакутаў сваім родным і блізкім, зрабіць правільныя высновы пра неабходнасць выканання закона.

Таксама прашу кіраўнікоў мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый узмацніць прафілактычную работу сярод так званых «праблемных сем’яў». Сумеснымі намаганнямі можна спыніць правапарушэнні і злачынствы, якія ўчыняюцца ў сем’ях.

С. СЁМУХА,
старшыня суда Дзятлаўскага раёна

0 0 208 20 Август, 2017 Бяспека Август 20, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *