Жніво: захоўвайце меры бяспекі

Падзеі

Напярэдадні жніва нагадваем работнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна аб неабходнасці захавання мераў бяспекі пры выкананні работ паблізу і асабліва ў ахоўных зонах паветраных ліній электраперадачы.

Ахоўная зона паветраных ліній (ПЛ) – гэта ўчастак зямлі і паветранай прасторы ўздоўж ПЛ, абмежаваны вертыкальнымі плоскасцямі, якія знаходзяцца па абодва бакі ад крайніх правадоў пры неадхіленым іх становішчы на адлегласці: для ПЛ 0,4 кВ – 2метры, для ПЛ 10кВ – 10 метраў, для ПЛ 35 кВ – 15 метраў, для ПЛ 110 кВ – 20 метраў, для ПЛ 220 кВ – 25 метраў, для ПЛ 330 кВ – 30 метраў. Пры праездзе збожжаўборачных камбайнаў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі ў ахоўных зонах рэкамендуецца захоўваць упоперак восі мінімальную адлегласць да токавядучых частак ад габарытаў машын і іх пад’ёмных частак, якая павінна складаць: для ПЛ да 35 кВ – 1 метр, для ПЛ 110 кВ – 1,5 метра, для ПЛ 220 кВ – 2,5 метра, для ПЛ 330 кВ – 3,5 метра.

  • Пры рабоце сельскагаспадарчых машын у ахоўных зонах паветраных ліній забараняецца:
    знаходзіцца абслугоўваючаму персаналу на машыне па-за кабінай ці абарончым казырком, а таксама выконваць рамонтныя работы;
  • працаваць у час навальніцы ці пры набліжэнні навальніцы;
  • працаваць у пралётах паветраных ліній, якія маюць адарваныя правады, набліжацца да апораў, якія маюць адарваныя правады, і да адарваных правадоў, якія ляжаць на зямлі, на адлегласць менш за 8 метраў;
  • набліжацца да дрэва, якое ляжыць на правадах, на адлегласць, меншую за 8 метраў;
  • працаваць на высокагабарытных машынах пад правадамі паветраных ліній на ўчастках, якія маюць няроўны рэльеф;
  • працаваць са стогакідальнікам, транспартаваць стагі саломы, сена і іншых падобных грузаў;
  • запраўляць машыны гаручым і спыняць іх (пры аварыйным прыпынку машына ў самы кароткі тэрмін павінна быць выдалена з ахоўнай зоны паветраных ліній электраперадачы).

Работы ў ахоўнай зоне паветраных ліній з прымяненнем высокагабарытных машын павінны выконвацца дзвюма асобамі, адна з якіх прызначаецца назіральнікам.

Пры падзенні провада на машыну вадзіцель павінен неадкладна яе спыніць. Калі пры гэтым можна вызваліць машыну ад адарванага провада перасоўваннем машыны, то неабходна гэта зрабіць як мага хутчэй, а пра здарэнне паведаміць у Дзятлаўскі РЭС па мабільнай сувязі. Калі ў вадзіцеля няма магчымасці паведаміць, гэта павінен зрабіць назіральнік, і да прыбыцця аварыйнай брыгады ні вадзіцель, ні назіральнік не павінны прымаць ніякіх самастойных дзеянняў. Набліжацца да такой машыны бліжэй, чым на 8 метраў, забаронена.

Пры рабоце машын без назіральніка вадзіцель павінен сігналам трывогі прыцягнуць увагу вадзіцеля бліжэйшай машыны, які, ацаніўшы абстаноўку, павінен паведаміць у Дзятлаўскі РЭС.

Калі ў выніку падзення проваду або пры ўзнікненні электрычнага разраду машына загарэлася, то абслугоўваючы персанал павінен неадкладна яе пакінуць, але зрабіць гэта так, каб не было адначасовага дотыку да машыны і зямлі. Лепш за ўсё саскочыць на зямлю на абедзве сагнутыя нагі, не трымаючыся за машыну, а аддаляцца ад яе можна толькі скачкамі на адной або дзвюх злучаных разам нагах, зрабіўшы шлях ад машыны 8 метраў. Пра здарэнне неабходна паведаміць у Дзятлаўскі РЭС і аддзел па надзвычайных сітуацыях. Да прыбыцця спецыяльнай брыгады забараняецца прымаць якія-небудзь дзеянні па пажаратушэнні машыны і набліжацца да яе бліжэй чым на 8 метраў.

Паважаныя кіраўнікі і механізатары! Будзьце ўважлівыя! Электрычныя сеткі адносяцца да крыніцы павышанай небяспекі. Беражыце сябе і электрычныя сеткі. Не забывайце: электрычны ток уяўляе сабой смяротную небяспеку для жыцця.

Калі вы сталі сведкам парушэння правілаў электрабяспекі або заўважылі пашкоджанні электрычных сетак, трансфарматарных падстанцый, – неадкладна паведаміце па тэлефоне 2-10-36 або 144 дзяжурнаму дыспетчару Дзятлаўскага РЭС. Гэтым вы можаце ўратаваць чалавечае жыццё.

Адміністрацыя Дзятлаўскага РЭС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *