Свята вёскі Зарой

Падзеі

У  суботу  8 ліпеня жыхары вёскі Зарой  адсвяткавалі дзень вёскі “Сваёй вёсцы нізка пакланюся”. Мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным.

88 гадоў споўніцца самаму старэйшаму жыхару вёскі – Кудрук Феафаніі Іванаўне. Віншаванні і цёплыя пажаданні яна прымала ад  старшыні Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ганны Мікалаеўны Жых. Старшыня сельсавета ўручыла жанчыне каштоўны падарунак.

Добры настрой на свяце дарылі жыхарам вёскі артысты аматарскай творчасці аддзела культуры і вольнага часу «Данілавіцкі Дом культуры»: ансамбль народнай песні “Суседачкі”, Іна Анушкевіч, Ліза Бурэц, Таццяна Муха,  у выкананні якіх прагучалі песні аб вёсцы, зямлі, хлебе. Музычныя нумары  дарылі дзеці Алеся Адамчык, Мілана Падліпская, Насця Бортнік, ўзносячы славу і пашану героям вайны, мамам і татам, бабулям і дзядулям.

Пра вёску свайго дзяцінства ўспаміналі  землякі, якія з’ехалі з вёскі, але за ўсё, што маюць сёння, удзячныя роднай зямлі і людзям, побач з якімі раслі.

Падзячнымі лістамі і падарункамі адзначаны намаганні тых жыхароў вёскі, якія ўтрымліваюць свае домаўладанні і прылеглыя да іх тэрыторыі ў добрым стане.

Ліліся песні, луналі па ўсёй акрузе, абвяшчаючы аб свяце, свяце роднай і мілай вёскі.

Свята атрымалася. У прыўзнятым настроі разыходзіліся вяскоўцы, абмяркоўваючы запалыя ў душу моманты.

С. Гросс



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *