Рыхтуем аўтамабіль да тэхагляду

Падзеі

З кожным годам колькасць транспартных сродкаў павялічваецца. Гродзеншчына, наогул, лічыцца цяпер самым аўтамабілізаваным рэгіёнам краіны. А ў каго ёсць транспартны сродак, той ведае, што тэхагляд для аўтамабіля – гэта як медагляд для чалавека. Калі не падрыхтавацца загадзя, на праходжанне працэдураў можна затраціць не адзін дзень.

На што звяртаць увагу пры падрыхтоўцы аўтамабіля да тэхнічнага агляду расказаў начальнік Дзятлаўскай станцыі “Белтэхагляд” Алег Урбановіч:

— Перад тым, як наведаць дыягнастычную станцыю для таго, каб прайсці тэхагляд, аўтаўладальніку неабходна самастойна праверыць стан аўтамабільных агрэгатаў і сістэмаў. У некаторых выпадках нават дробязь, якая лёгка ўхіляецца ўласнымі сіламі, можа стаць прычынай няўдачы у час тэхагляду.

Першае – гэта рулявое кіраванне. Яно не павінна мець залішняга люфта. Рабочая тармазная сістэма – абавязковая ўмова (прычым, не толькі пры праходжанні тэхагляду). Праверце спраўнасць ўсіх светлавых прыбораў і гукавога сігналу.

Шыны аўтамабіля не павінны мець зношанасць большы за дапушчальную (глыбіня канавак пратэктара не менш за 1,6 мм). Пратэктар не павінен мець аднабаковую зношанасць, а бакавіны – пашкоджанняў. Шклоачышчальнік і шклоабмывальнік павінны працаваць, а шчоткі (дворнікі) — чысціць адведзеную ім плошчу не менш, чым на 90%. Праверце і адрэгулюйце экалагічныя параметры аўтамабіля: выкіды СО і СН. Для іх рэгулявання патрэбна спецыяльная апаратура, якая ёсць толькі на станцыях тэхабслугоўвання ці ў спецыяльных пунктах экалагічнага кантролю. У транспартным сродку павінны знаходзіцца: спраўны вогнетушыцель з дзеючым тэрмінам прыдатнасці (калі тэрмін прыдатнасці скончыўся – вогнетушыцель можна перазаправіць), знак аварыйнага прыпынку (устаноўленага ўзору), цалкам укамплектаваная аўтамабільная аптэчка (у новым пераліку 2017 года). Перад працэдурай тэхнічнага агляду аўтамабіль трэба памыць. Пры неабходнасці ўхіліце пашкоджанні і карозіі на кузаве, дзвярах і дысках колаў. У выпадку неабходнасці правядзіце рамонтную афарбоўку кузава або асобных дэталяў. Дзяржаўныя нумарныя знакі павінны быць таксама ў чыстым выглядзе – не ржавымі і не бруднымі.

Дакументы, неабходныя пры тэхаглядзе: тэхпашпарт, вадзіцельскае пасведчанне і талон, страхоўка, медыцынская даведка, квіток аб аплаце транспартнага падатку (памеры пошліны перыядычна мяняюцца, неабходна ўдакладняць на момант аплаты). Калі на аўтамабіль устаноўлена газавае абсталяванне – абавязкова дакументы на яго. І, вядома ж, трэба мець неабходную суму грошай для аплаты паслугаў па тэхаглядзе.

Напрыканцы дадам некалькі важных рэкамендацый: як толькі вы зарэгістравалі аўтамабіль у ДАІ, пайшоў адлік дзесяці дзён, на працягу якіх трэба правесці тэхагляд; калі мяняецца ўладальнік аўтамабіля, неабходна прайсці тэхагляд, нават калі ранейшым уладальнікам тэхагляд быў пройдзены ўчора; калі аўтамабіль набыты і зарэгістраваны ў год, калі ён быў выпушчаны, тэхагляд праходзіць не трэба, аднак трэба звярнуцца на станцыю дыягностыкі і паставіць штамп допуску.

На Дзятлаўскай станцыі “Белтэхагляд” вядзецца комплексная праграма работы з кліентам. Я маю на ўвазе прадастаўленне розных відаў паслугаў. Напрыклад, правядзенне ў адным будынку тэхагляду, яго аплаты, па жаданні кліента – тэрміновага ўхілення на месцы дробных недахопаў аўтамабіля, выяўленых у час тэхагляду, атрыманне канчатковых дакументаў і дазволу на ўдзел у транспартным руху. Тэхагляд аўтамабіля займае ўсяго 20-25 хвілін. Станцыя працуе па прынцыпе папярэдняга запісу, што даўно пазбавіла аўтаўладальнікаў ад стаяння ў чэргах. Між іншым, на дзятлаўскай станцыі можна правесці камп’ютарную дыягностыку транспартнага сродку, калі ж патрабуецца рамонт, можна скарыстацца паслугамі аўтаслесара.

І. КАМАРОВА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *