Новыя пенсіі для асобных катэгорый грамадзян

Здарэнні і бяспека

З мэтай павышэння ўзроўню сацыяльнай абароны асобных катэгорый грамадзян Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня 2017 года падпісаў Указ №233 «Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян».

Дакумент скіраваны на ўрэгуляванне пытання аб павышэнні ўзроўню пенсійнага забеспячэння грамадзян, якія доўгі час ажыццяўлялі сацыяльна значныя віды дзейнасці і па гэтай прычыне не змаглі сфарміраваць стаж работы з уплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду, які патрабуецца для назначэння пенсіі па ўзросце.

Указам прадугледжана памяншэнне працягласці стажу работы з уплатай такіх узносаў для грамадзян, якія ажыццяўлялі догляд інваліда першай групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, а таксама дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Дадзеная катэгорыя грамадзян будзе мець права на працоўную пенсію па ўзросце пры наяўнасці не менш за 10 гадоў страхавога стажу і агульнага стажу работы не менш за 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў у жанчын.

Працягласць стажу работы з уплатай абавязковых страхавых узносаў таксама змяншаецца для грамадзян, якія доўгі час (не менш за 10 каляндарных гадоў) праходзілі ваенную службу (службу ў ваенізаваных арганізацыях), але не маюць права на пенсію па заканадаўстве аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых. Права на працоўную пенсію па ўзросце прадугледжана прадаставіць гэтай катэгорыі грамадзян пры наяўнасці не менш за 10 гадоў страхавога стажу і агульнага стажу работы не менш за 25 гадоў у мужчын і 20 гадоў у жанчын.

А. НАВІЧЭНКАВА,

намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *