Наркаманія — праблема новага пакалення

Здарэнні і бяспека

Наркаманія — хвароба, якую выклікае сістэматычнае ужыванне наркотыкаў. Яна праяўляецца псіхічнай і фізічнай залежнасцю ад іх. Гэта цяжкае захворванне пачынаецца з выпадковага (або пад уплывам, прымусовага) прыёму наркотыка з наступным фарміраваннем залежнасці. Праблема наркаманіі даўно стала сусветнай.

Наркотыкі здольны за некалькі дзён зламаць волю чалавека, за некалькі гадоў ператварыць яго ў бездапаможную істоту, усё існаванне якой скіравана на пошук новай дозы з-за страху перад чарговай ломкай.

Акрамя наркотыкаў асобную пагрозу ўяўляюць і некаторыя псіхатропныя рэчывы, якія аказваюць такое ж моцнае ўздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму, як і наркотыкі. Сучасныя наркатычныя сродкі здольны сфарміраваць моцную залежнасць усяго за некалькі прыёмаў. Наступствы наркатычнай залежнасці вельмі небяспечныя, бо адбываюцца незваротныя парушэнні функцый унутраных органаў, нервовай сістэмы, дэградацыя асобы. Такасама ў наркаманы ёсць рызыка заражэння, яны ж садзейнічаюць распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі, віруснага гепатыту, венерычных хваробаў, іншых небяспечных інфекцыйных захворванняў.

Наркаманія ўяўляе пагрозу для жыцця і здароўя не толькі асобных людзей, а і ўсяго грамадства. Калі раней наркотыкі ўжывалі некаторыя людзі, многія з якіх маглі жыць з гэтай залежнасцю даволі доўга, то цяпер наркаманія становіцца масавай. З распаўсюджаннем вялікай колькасці сінтэтычных наркотыкаў, якія сталі даступнымі і папулярнымі ў моладзі, гэтае зло замахнулася на самую вялікую каштоўнасць чалавецтва — дзяцей і маладых людзей.

У Рэспубліцы Беларусь за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса адказнасць надыходзіць з 16 гадоў, а за злачынствы, звязаныя з іх абаротам — з 14 гадоў. Санкцыя артыкула прадугледжвае адказнасць — да 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.

Цяпер на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна праводзіцца спецыяльная праграма «Мак», скіраваная на знішчэнне наркатычнай сыравіннай базы расліннага паходжання, спыненне злачыннай дзейнасці, звязанай з незаконным абаротам наркотыкаў расліннага паходжання, ухіленне прычын і ўмоваў, якія спрыяюць распаўсюджванню такіх наркатычных сродкаў.

У рамках праграмы на Дзятлаўшчыне знішчана 1110,54 кілаграма дзікарослага маку і 4,05 кілаграма алейнага маку агульнай плошчай 52,13 метра квадратнага.

Наркаманія — праблема новага пакалення. Не заставайцеся раўнадушнымі да яе: аб усіх вядомых фактах абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў паведамляйце ў групу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама (тэлефон 2-15-23) або тэлефануйце на нумар 102. Ананімнасць гарантуецца.

В. БАРОЎСКІ,

оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *