Фестывалі, святы, конкурсы: анонс культурных і спартыўных падзей на Гарадзеншчыне з 10 па 16 ліпеня 2017 года

Да ведама грамадзян

10 ліпеня ў Смаргонскім храме Прэабражэння Гасподня пройдзе богаслужэнне да Дня святкавання іконы Божай Маці Сукневіцкай. Узначаліць богаслужэнне Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі. Сустрэча Мітрапаліта і пачатак свята ў 9.30.

14-16 ліпеня — Дзень вызвалення горада Ваўкавыска. Святочныя мерапрыемствы пачнуцца 14 чэрвеня ў 14 гадзін ля будынка раённага аддзела міліцыі, дзе адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку. Гасцей свята таксама чакаюць квэст і «Ноч у музеі». У праграме на 15 ліпеня — адкрыццё алеі, урачыстае шэсце, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, фестывалі, дыскатэка. 16 ліпеня пройдуць конкурс «Аўтамэн і аўталэдзі», велакарнавал, «Плаванне на чым папала», дзіцячыя гульні і спаборніцтвы.

15 ліпеня на Аўгустоўскім канале ладзіцца веламарафон «Суседзі-2017» для розных узроставых групаў. Сярод удзельнікаў — госці з Расіі, Украіны, Польшчы, Галандыі, Германіі.

15 ліпеня ў вёсцы Кароліна Гродзенскага раёна, на пляцоўцы аэраклуба каля возера Юбілейнае, у 14 гадзін стартуе VIII міжнародны аўтафестываль «Sunday-2017». Ён збярэ дзве сотні рэдкіх аўтамабіляў з Беларусі і блізкага замежжа. Пройдзе конкурс «Міс «Sunday-2017». Хэдлайнер мерапрыемства — група «Ляпіс-98» на чале з Сяргеем Міхалком.

15 ліпеня 400-гадовы юбілей адзначае касцёл Святога Юрыя вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна. Урачыстае святкаванне пачнецца ў 13 гадзін з набажэнства і хрэснага хода. Таксама гасцей чакаюць экскурсія па храме, тэатральная дзея аб гісторыі заснавання касцёла, майстар-класы рамеснікаў.

16 ліпеня ў аграгарадку Больцішкі Воранаўскага раёна пройдзе Чарнічны фэст. Можна будзе набыць чарніцы, пакаштаваць чарнічныя пірагі, паўдзельнічаць у тэматычных гульнях і спаборніцтвах.

16 ліпеня гасцей запрашае народнае гулянне «Вясёлы воз — чатыры колы», якое ладзіцца ў аграгарадку Курылавічы Мастоўскага раёна. Пройдзе шэсце ўпрыгожаных вазоў, веласіпедаў, калясак, мотаблокаў. У праграме мерапрыемства — конкурсы, канцэрт, выстава народных умельцаў.

Падрыхтавала да друку І. ЛЕАНІДАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *