“Чорнае золата” “Граніт-Агра”: з гектара намалочваюць па 45 цэнтнераў азімага рапсу (абноўлена)

Падзеі

У суботу, 29 ліпеня, чатыры камбайны сельгаспрадпрыемства працавалі на абмалоце рапсу ва ўрочышчы “Дзядоўшчына”. Абмалочвалі выбарачна: вышуквалі на 160-гектарным палетку ўчасткі, дзе зерне сушэйшае, каб лішне не траціцца на дасушванне. Лакальную праблему стварыў начны дождж. Да яго, у пятніцу, зерне паступала на ток амаль сухое. Праз суткі вільготнасць павялічылася ў два разы. Але чакаць далей, каб поле яшчэ больш прасохла, рызыкоўна. Па-першае: капрызы надвор’я непрадказальныя, па-другое: рапс можа пасыпацца з наспелых стручкоў. Трэба малаціць.

Палетак наспелага рапсу, гатовага да абмалоту.

А ўраджай вырашчаны проста выдатны, на зайздрасць. Пачыналі абмалот з 42,3 цэнтнера ўраджайнасці (на 27 ліпеня). І галоўны аграном “Граніт-Агра”Антон Тарасевіч аўтарытэтна заяўляў, што гэта – не мяжа. Меў рацыю, бо ў наступныя два дні ураджайнасць падрасла да 45 цэнтнераў. А некаторыя ўчасткі давалі нават па 48. У пятніцу (за адзін дзень) да дажджу намалацілі 430 тон. На ранні вечар суботы былі абмалочаны 230 гектараў з 400 і дастаўлены на зерняток 1108 тон зерня. Ужо відавочна, што намаганні і сродкі, укладзеныя ў вырошчванне азімага рапсу, шчодра акупіліся. А намаганняў было нямала – каля 10 разнастайных апрацовак пасеваў, не кажучы пра падрыхтоўку палеткаў да сяўбы і ўласна сяўбу. Усе работы выканалі на высокім тэхналагічным узроўні.

Антон Тарасевіч сур’ёзна займаецца рапсам. Ужо ёсць добра напрацаваныя кантакты з фірмамі, што спецыялізуюцца менавіта на рапсе. Фірмы пастаўляюць партыі гібрыдаў для палявых вопытаў, “Граніт-Агра” адплочвае інфармацыяй з гэтых вопытаў. Супрацоўнічаюць узаемавыгадна. Для Тарасевіча самае важнае ў вопытах, што гібрыды праходзяць выпрабаванне не проста ў кліматычнай зоне, а менавіта на землях “Граніт-Агра”. Гэта самая каштоўная інфармацыя!

— Заўтра якраз і пад’едзе прадстаўнік дыстрыб’ютара, заўважае Антон, – будзем абмалочваць вопытныя дзялянкі.

У гэтых стручках — «чорнае золата». Плыве шумлівым рапсавым «морам», басавіта гудзе дбайны працаўнік «Lexion-580» Камбайнеры Андрэй Гулецкі (злева) і Дзмітрый Мазур толькі што «пад завязку» загрузілі з бункера свайго КЗС-1218 кузава «ГАЗа» вымалачаным зернем. Галоўны аграном «Граніт-Агра» Антон Тарасевіч і яго рапс. Лічым галінаванне сцябліны рапсу (чым больш галінак, тым болей на іх стручкоў, а ў стручках — зерня). 15 галінак — майстарскі ўзровень. Налічылі 17 галінак. Брава, аграном! Радуецца выдатнаму ўраджаю і дырэктар ААТ «Граніт-Агра» Станіслаў Мазур (злева). «Чорнае золата» на зернетаку «Граніт-Агра» ў Круцілавічах.

Мы яшчэ вернемся да рапсавай тэмы ў “Граніт-Агра”, а пакуль пажадаем гранітаўскім земляробам мінімум тры-чатыры пагодныя дні для абмалоту іх “чорнага золата”.

Б. Варна

Фота аўтара

PS. На 1 жніўня ў «Граніт-Агра» абмалочаны 320 гектараў рапсу з 400 пасеяных. Ураджайнасць «чорнага золата» ў сельгаспрадпрыемстве дасягнула 50,6 цэнтнера з гектара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *