Беражыце дзяцей

Падзеі

Летам павялічваецца колькасць няшчасных і надзвычайных выпадкаў з дзецьмі, якіх бацькі пакідаюць адных на вуліцы або дома. Дзеці актыўныя і дапытлівыя, аднак яны не заўжды асэнсоўваюць пагрозу небяспекі, якую тояць некаторыя іх учынкі.

Так, дзякуючы своечасовым дзеянням суседа і ратаўнікоў удалося пазбегнуць узгарання драўлянага жылога дома ў Дзятлаве. Пажар пачаўся ў верандзе, дзе вырашыў развесці вогнішча сямігадовы хлопчык. Агонь хутка перакінуўся на рэчы, патушыць яго змаглі толькі ратаўнікі. Дарослыя ў час пажару знаходзіліся дома, але выпусцілі непаўналетняга з поля зроку. Калі агонь пачаў распаўсюджвацца па верандзе, хлопчык, спалохаўшыся пакарання, уцёк да суседа, які і выклікаў ратаўнікоў.

Каб пазбегнуць падобных здарэнняў, дарослыя павінны захоўваць запалкі і запальнічкі ў недаступным для дзяцей месцы, навучыць малых паведамляць аб выпадкова знойдзеных запалках. Калі непаўналетнія праяўляюць цікавасць да агню, спрабуюць гуляць з ім, трэба спакойна і зразумела патлумачыць, чаму гэтага рабіць нельга. Таксама навучыце дзяцей, што ў час пажару нельга хавацца, а трэба хутка пакідаць памяшканне, клікаць на дапамогу.

Яшчэ адна крыніца небяспекі — вокны шматпавярховых дамоў, а дзіцячая цікаўнасць — асноўная прычына падзенняў з вышыні. Большасць такіх выпадкаў заканчваецца гібеллю непаўналетніх. Падобная гісторыя, але са шчаслівым канцом, здарылася з шасцігадовым жыхаром Дзятлава, які выпаў з трэцяга паверха.

Памылкова лічыць, што калі ваша дзіця раней не залазіла на падаконнік і не выглядала з адчыненага акна або не перагіналася праз парэнчы балкона, то яно гэтага ніколі не зробіць. Нават калі непаўналетні моцна спіць, дарослыя не павінны пакідаць яго аднаго ў кватэры. Здараецца, што дзеці выпадаюць з вокнаў і тады, калі іх бацькі знаходзяцца ў суседнім пакоі. Будзьце ўпэўнены, што любое малое можа без праблем залезці на падаконнік, таму для вокнаў у шматпавярховых дамах лепш набыць спецыяльныя замыкаючыя прыстасаванні. А калі вы проста праветрываеце пакой, уважліва сачыце за сваімі дзецьмі.

Не меншую небяспеку тоіць у сабе вада. Дзеці атрымліваюць вялікую асалоду ад гульняў з вадой, адпачынку каля вадаёмаў, і задача дарослых — паклапаціцца пра бяспеку непаўналетніх. Галоўнае, што павінны памятаць бацькі, нельга дазваляць дзецям знаходзіцца каля вадаёма без нагляду дарослых. Найлепш у час адпачынку, каб бацькі не сядзелі на беразе, а пабылі з дзецьмі ў вадзе. Як бы добра не плавалі непаўналетнія, ні дазваляйце ім купацца на глыбіні, нават у вашай прысутнасці. Нельга дапускаць свавольстваў у вадзе. Купацца і дарослым, і дзецям можна толькі ў спецыяльна прызначаных для гэтага месцах.

Варта памятаць, што менавіта бацькі абараняюць правы і інтарэсы сваіх непаўналетніх дзяцей (артыкул 73 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і), а за пакіданне дзіцяці ў небяспецы прадугледжана крымінальная адказнасць. Згодна з часткай 2 артыкула 159 Крымінальнага кодэкса, «свядомае пакіданне без дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця і здароўя стане і пазбаўлена магчымасці прыняць меры для самазахавання па маленстве, старасці, хваробе або з-за ўласнай бездапаможнасці, у выпадку, калі вінаваты меў магчымасць аказаць пацярпеламу дапамогу і быў абавязаны аб ім клапаціцца» караецца арыштам або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.

Любы выпадак знаходжання дзяцей у небяспечным для жыцця і здароўя стане, як толькі становіцца вядомы — вывучаецца. Праводзіцца сацыяльнае расследаванне, прымаецца канкрэтнае рашэнне, у якасці якога можа быць выкарыстана такая мера, як адабранне дзіцяці з сям’і і прызнанне яго маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, згодна з Дэкрэтам №18.

І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *