Асцярожна з відэаролікамі

Здарэнні і бяспека

Для Рэспублікі Беларусь, як і для многіх цывілізаваных краінаў, злачынствы, звязаныя з палавой недатыкальнасцю непаўналетніх, а таксама вырабам і распаўсюджваннем парнаграфіі, з’яўляюцца небяспечнымі і ўяўляюць пагрозу для будучых пакаленняў. На жаль, такія злачынствы характэрны і для Дзятлаўскага раёна.

Так, у першым паўгоддзі 2017 года супрацоўнікам групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама выяўлены 2 злачынствы, прадугледжаныя артыкулам 168 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў). Санкцыя артыкула прадугледжвае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі да 10 гадоў. Злачынствы гэтай катэгорыі і раней выяўляліся, але цяпер органы ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь надаюць асаблівую ўвагу папярэджанню фактаў гвалту над непаўналетнімі. Як сведчыць статыстыка, ахвярамі такіх злачынстваў найчасцей з’яўляюцца дзеці, якія гадуюцца ў ненадзейных сем’ях і сем’ях, дзе замест бацькі — айчым.

Таксама за апошнія некалькі гадоў пачасціліся факты распаўсюджання парнаграфіі ў Інтэрнэце. На першы погляд здаецца, што нічога крымінальнага ў такіх дзеяннях няма. Заканадаўства не забараняе глядзець ролікі рознага характару ў Інтэрнэце, у тым ліку і парнаграфічныя, але захоўваць іх у адкрытым доступе для праглдяду іншымі карыстальнікамі ў сацыяльных сетках, такіх як «ВКонтакте» і «Одноклассники», забараняецца нормамі крымінальнага заканадаўства, а менавіта артыкуламі 343 і 343-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Аднак за 6 месяцаў 2017 года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна былі выяўлены 4 падобныя злачынствы, па якіх узбуджаны крымінальныя справы, вінаватыя — пакараны. Дарэчы, па артыкуле 343 КК РБ «за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару» прадугледжвацца пакаранне — да 4 гадоў пазбаўлення волі. Па артыкуле 343-1 КК РБ «за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга» прадугледжваецца пакаранне — да 13 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Грамадзян, якія што-небудзь ведаюць пра падобныя парушэнні, міліцыя просіць не заставацца раўнадушнымі і тэлефанаваць ў групу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама на нумар 2-15-34 або на нумар 102. Ананімнасць гарантуецца.

В. БАРОЎСКІ,
оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *