Адбываюцца аварыі на чыгуначных пераездах

Здарэнні і бяспека

Дзяржаўтаінспекцыя з 21 па 28 ліпеня праводзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне парушэнняў вадзіцелямі транспартных сродкаў правілаў праезду чыгуначных пераездаў.

Як паведаміў дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Аляксандр Муха, 3 ліпеня рэзанансная аварыя з удзелам цягніка і легкавога аўтамабіля адбылася ў Слоніме. На чыгуначным пераездзе таварны састаў, у якім было 66 вагонаў, пратараніў аўтамабіль “Волга”. У машыне знаходзіліся вадзіцель і два пасажыры. Пры набліжэнні да чыгуначнага пераезда вадзіцель легкавушкі праігнараваў забараняльны сігнал святлафора і выехаў на пераезд. У выніку сутыкнення ўласнік аўтамабіля і яго жонка, якая сядзела на пярэдняй пасажырскай сядушцы, загінулі. Другая жанчына-пасажыр у цяжкім стане знаходзіцца ў Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Увогуле, асноўнай прычынай аварый з удзелам транспартных сродкаў і цягнікоў дзяржаўтаінспектар назваў невыкананне Правілаў дарожнага руху вадзіцелямі аўтамабіляў праезду чыгуначных пераездаў.

І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *