А. Юч: «Мару, каб былі шчаслівыя шасцёра сыноў і дачка»

Падзеі

Кожны чалавек рана ці позна дае ацэнку мінуламу, нібыта зазірае ў скарбонку жыцця, каб падрахункаваць набыткі. Яны ў нас розныя: дзелавыя людзі пераглядаюць бізнэс-планы, падлічваюць прыбыткі, таленавітыя — рахункуюць дасягненні ў сферы мастацтва, а шчодрыя сэрцам — перажываюць і радуюцца за блізкіх.

Кожны дзень знаходзіцца нагода для радасці і перажыванняў у шматдзетнай прыёмнай матулі Алены Паўлаўны Юч. Яна разам з мужам Вячаславам Уладзіміравічам клапоцяцца пра чатырох сваіх і траіх прыёмных дзяцей. Алена Паўлаўна паспяхова сумяшчае дзве прафесіі: настаўніцы матэматыкі ў Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе і «матулі-выхавальніцы» для траіх прыёмных сыноў.

На пытанне, ці планавала ў маладосці стаць шматдзетнай мамай, Алена Паўлаўна адказвае, што і падумаць не магла, а вось атрымалася. Яе бацькі выгадавалі траіх дзяцей, бацькі мужа наогул толькі дваіх, а іх сям’я аказалася багатай на дзетак.

Нарадзілася Алена Паўлаўна на Навагрудчыне. Калі дзяўчынцы было 7 гадоў, сям’я пераехала ў Гродна. Там Алена скончыла школу і факультэт матэматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Працаваць па рамеркаванні трапіла ў чарнобыльскую зону, таму на першым месцы работы затрымалася толькі на тры гады. Затым было замужжа і пераезд на Дзятлаўшчыну.

Муж, Вячаслаў Уладзіміравіч Юч, родам з Дзятлаўскага раёна. Тут ён вырас і скончыў школу. Працуе Вячаслаў Уладзіміравіч лясніком Гезгалаўскага лясніцтва. Наогул, усё сваё працоўнае жыццё ён прысвяціў лясной гаспадарцы.
Пазнаёміліся Вячаслаў і Алена на танцах у вёсцы Погіры. Між іншым, тут цяпер і жыве шматдзетная сям’я Юч. А калісьці на Дзятлаўшчыну, у вёску Вусце да бабулі, Алена прыязджала кожнае лета. Калі вырасла, вядома, хадзіла з сяброўкамі на танцы. Вячаслаў пакарыў сэрца дзяўчыны сваёй дабрынёй. Алена Паўлаўна і цяпер, праз 26 гадоў сумеснага жыцця, характарызуе яго як клапатлівага, уважлівага мужа і бацьку.

На пытанне, як узнікла рашэнне ўзяць у сям’ю прыёмных дзяцей, Алена Паўлаўна адказвае, што душа яе падрыхтавалася да гэтага, бо шмат гадоў жанчына адпрацавала ў школе. Стасункі з дзецьмі дапамаглі ўзгадаваць лепшыя чалавечыя якасці. Зразумела, што без згоды мужа пайсці на адказны крок было б немагчыма. Вячаслаў Уладзіміравіч падтрымаў жонку. Больш таго, на працягу часу, колькі прыёмныя дзеці жывуць у сям’і, ён праяўляе ў адносінах да іх самыя лепшыя бацькоўскія якасці і з’яўляецца вялікай падтрымкай і апорай Алене Паўлаўне.

Прашу матулю расказаць пра кожнага з дзяцей.

— Старэйшы ў нас — Максім, — пачынае пералічваць Алена Паўлаўна, — яму 24 гады, ён — прыватны прадпрымальнік, стварае сайты, хаця ў свой час скончыў тэхнікум чыгуначнікаў.

Наступныя ў нас — двойня: Лёша і Паліна. Аляксей цяпер служыць у арміі. Яму там падабаецца, ён наводчык, ездзіць на БМП. Наогул, хлопец ён таленавіты: у Мінску скончыў спачатку мастацкую гімназію, а затым каледж, прыгожа малюе. Дзеля таго, каб развіваць мастацкі талент, не пабаяўся з 10 гадоў жыць у гімназічным інтэрнаце ў сталіцы, ён і цяпер вельмі самастойны.

Паліна — мая першая памочніца, праўда, цяпер жыве ў Мінску, скончыла каледж, вывучылася на дазіроўшчыка лекавых прэпаратаў, працуе на прадпрыемстве «Белмедпрэпарат». На дасягнутым спыняцца не збіраецца: хоча, як бацька, працаваць у лясной гаспадарцы, думае паступаць ва ўніверсітэт на лесагаспадарчы факультэт.

Ягор скончыў 9 класаў, паступіў у каледж у Гродне, збіраецца працаваць на заводзе «Гроднахімвалакно».
Старэйшаму прыёмнаму сыну Андрэю — 15 гадоў. Вельмі ім задаволены. Ён сур’ёзны, памяркоўны, спагадлівы, адгукаецца на просьбы аб дапамозе, любіць займацца гаспадаркай, збіраецца атрымаць прафесію трактарыста-экскаватаршчыка. Я ўпэўнена, што Андрэй здольны на большае, угаворваю яго скончыць 11 класаў, але выбар — за ім.

Максім-малодшы скончыў 8 клас. Ён больш шустры, таму ў школе бываюць праблемы, але дома ён паводзіць сябе добра. Максім часта ездзіць на аздараўленне ў Італію. Нядаўна яго вельмі хваліла «італьянская мама». Казала, што калі захварэла, Максім добра аб ёй клапаціўся, нават сам гатаваў ежу.

Малодшы Мікіта скончыў 5 клас. Ён старанны ў вучобе, найбольш паспяхова засвойвае матэматыку. Мікіта паслухмяны, ён добры памочнік, горнецца да бацькі і стараецца дапамагаць яму ў любых справах.

Вялікая сям’я жыве дружна, любіць збірацца разам, мае добрыя традыцыі. І гэта не толькі каляндарныя святы, але, напрыклад, абед выхаднога дня, калі разам выбіраюць меню, разам гатуюць. Дарэчы, любімая страва — татавы фірменныя аладкі. Чаму самымі смачнымі яны атрымліваюцца менавіта ў Вячаслава Уладзіміравіча, не ведае ніхто, затое кожны іх любіць.

У вольны час разам з татам хлопчыкі майструюць з фанеры машынкі і самалёцікі, займаюцца выпальваннем па дрэве. А матуля вяжа для сям’і шкарпэткі і цёплыя світары, вышывае крыжыкам карціны.

Алена Паўлаўна Юч лічыць, што і шматдзетнай, і прыёмнай маці быць не складана, а каб дзеці выраслі годнымі людзьмі, іх трэба больш любіць і паважаць, прыслухоўвацца да дзіцячага меркавання, прызнаваць свае памылкі і не баяцца прасіць прабачэння. Гарманічнымі могуць быць толькі адносіны пабудаваныя на даверы. Дзяцей не трэба песціць, іх трэба паважаць.

Напрыканцы пытаюся пра запаветную мару Алены Паўлаўны і чую ў адказ:

— Мара ў мяне адна: каб усе мае дзеці былі паспяховыя і надзейныя, каб жыццё ў іх склалася, каб яны знайшлі сваё шчасце ў прафесіі і сям’і.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



1 комментарий по теме “А. Юч: «Мару, каб былі шчаслівыя шасцёра сыноў і дачка»

  1. Знаю Елену Павловну не первый год. Она очень скромная, добрая и приятная женщина.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *