Жыццё пражыць – не поле перайсці

Падзеі

Пад такой назвай прайшла выязная канцэртная праграма ў вёсцы Скрундзі.

Да жыхароў гэтай вёскі завітаў творчы калектыў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва. Артысты Марына Варган, Ірына Бакшук, Таццяна Загорцава, Ганна Харлінская прывезлі вяскоўцам песні, віншаванні, добры настрой. Музычныя прывітанні атрымала 93-гадовая Юзэфа Мацвееўна Саўчыц, самая старэйшая з жыхароў вёскі, а таксама самыя маладыя на сёння скрундзёўцы – Ала Забеліна і Дзмітрый Якаўчык, якім па 50 гадоў.

Чатыры сям’і з гэтай вёскі – залатыя юбіляры. Па 50 гадоў жывуць разам Людміла Пятроўна і Вікенцій Вікенцьевіч Скрундзі, Ірына Віктараўна і Мечыслаў Войцехавіч Бараноўскія, Ядзвіга Вікенцьеўна і Уладзімір Пятровіч Скрундзі, Кацярына Іванаўна і Уладзімір Кліменцьевіч Скрундзі. Для іх артысты падрыхтавалі віншаванні і музычныя падарункі. Дарэчы, двое юбіляраў – Вікенцій Вікенцьевіч Скрундзь і  Уладзімір Кліменцьевіч Скрундзь – усё жыццё працавалі механізатарамі, стараннай працай заслужылі пашану і павагу аднавяскоўцаў.

Разам з артыстамі прыехала да вяскоўцаў і Ганна Міхайлаўна Кувік, загадчыца ФАПа ў Падвялікім. У яе можна было атрымаць параду, набыць лекі, памераць ціск.

У гэты ж дзень мабільная брыгада артыстаў наведала вёскі Падвялікае і Гарадкі, дзе правяла канцэртныя праграмы. Дапамаглі наладзіць сустрэчы вясковыя актывісты Ганна Міхайлаўна Кувік, Яніна Войцехаўна Сіняк, Аляксей Адольфавіч Лагуцік.

І. ІВАНАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *