В. Міхневіч: “З любой сітуацыі трэба шукаць выхад”

Падзеі

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхневіч правёў асабісты прыём грамадзян у Дзятлаўскім раёне. На гэты раз ён сустрэўся са сваімі выбаршчыкамі ў Парэцкім сельсавеце.

Варта адзначыць, што людзей на прыёме было няшмат, што сведчыць аб зладжанай рабоце мясцовых службаў, якія аператыўна вырашаюць праблемы, што узнікаюць.

Па пытанні пераафармлення чэкаў “Маёмасць” звярнулася да Валянціна Уладзіміравіча мясцовая жыхарка. Жанчына планавала аформіць на сябе чэкі мужа, які ўжо памёр, і прыватызаваць за іх жыллё. Дэпутат растлумачыў заяўніцы ўсе складанасці яе сітуацыі. Так, напрыклад, абмен чэкаў “Маёмасць” на чэкі “Жыллё” для выкарыстання іх у прыватызацыі жылля можна было ажыццяўляць да 4 красавіка 2007 года. Аднак гэты тэрмін даўно скончыўся, і дакумент, які даваў магчымасць абмену чэкаў, страціў законную сілу.

Яшчэ адна мясцовая жыхарка прасіла перагледзець памер яе пенсіі, паколькі, па яе словах, амаль за 30 гадоў стажу атрымлівае крыху больш за 200 рублёў. Жанчыне было прапанавана звярнуцца ў сельскі савет з пісьмовай просьбай аказаць ёй аднаразовую фінансавую дапамогу ў сувязі са складаным матэрыяльным становішчам. Пытанне ж магчымасці пераразліку пенсіі заяўніцы будзе пераадрасавана ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Таксама жанчына расказала пра канфлікт на “клёвым месцы” — выказала сваю незадаволенасць, што возера ў вёсцы Раманавічы перададзена ў арэнду. Цяпер арандатар, які навёў парадак і зарыбіў вадаём, не дазваляе мясцовым жыхарам ні браць вады ў возеры, ні купацца тут у спякоту.

— Сапраўды, канфлікт узнікаў, — пацвердзіў старшыня Парэцкага сельсавета Аляксандр Ядэйка, які прысутнічаў на прыёме грамадзян, — аднак, арандатар узяў возера законна (было прынята адпаведнае рашэнне раённага Савета дэпутатаў) і мае права ім распараджацца.

Яшчэ два чалавекі звярнуліся да дэпутата па пытанні працаўладкавання.

У завяршэнні прыёму, аналізуючы звароты, Валянцін Міхневіч адзначыў, што з любой сітуацыі трэба шукаць выхад і дэталёва вывучаць праблему. Нават калі сітуацыя тупіковая і чалавек, які звярнуўся па дапамогу, атрымлівае абгрунтаваную адмову, то яе прычыны павінны быць яму даступна растлумачаны.

Тэкст и фота І. КАМАРОВАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *