Свята вёсак Варакомшчына і Рабкі

Падзеі

«І няма ў цэлым свеце выдатней роднай вёскі маёй». Пад такой назвай  прайшло свята вёсак-суседак Варакомшчына і Рабкі Данілавіцкага сельскага савета. Яго падрыхтавалі работнікі аддзела культуры і адпачынку «Данілавіцкі дом культуры».

Распачала свята старшыня Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ганна Мікалаеўна Жых. Яна зазначыла, што вёска – гэта незабыўная казка, куды хочацца вяртацца зноў і зноў.

Вядучая свята запрасіла аднавяскоўцаў зазірнуць ва ўчарашні дзень, у  гісторыю нашых вёсак, іх людзей. І не для простай цікаўнасці, а каб яшчэ раз зразумець, адчуць, з чаго мы пачыналі, каб аддаць даніну павагі дзядам і бацькам нашым. На працягу свята ўшаноўвалі самых старэйшых жыхароў вёсак: з Варакомшчыны – Ніну Міхайлаўну Лазовік, якой споўнілася 87 гадоў; з вёскі Рабкі – Віктара Паўлавіча Талкуна, яму 93 гады, і Алену Станіславаўну Нагорную, ёй таксама 93 гады. Адзначылі і самых маленькіх жыхароў вёсак – Аляксея Куркоўскага і Яўгена Баравіка, якія нарадзіліся ў 2015 годзе.  

Дарылі музычныя падарункі юбілярам, якія адзначылі і яшчэ будуць адзначаць свае юбілеі.

Перад пачаткам свята быў аб’яўлены конкурс на лепшую сядзібу, двор, кветнік. Вынікі намінацый падвяла і ўручыла падзячныя лісты і каштоўныя падарункі Ганна Мікалаеўна Жых. На працягу мерапрыемства святочны настрой дарылі яго ўдзельнікам ансамбль народнай песні «Суседачкі», Насця Бортнік, Мілана Падліпская, Яўгенія Анушкевіч, Дарына Заваротная.

Т. БУЧА,

мастацкі кіраўнік Данілавіцкага дома культуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *