Работа на кране небяспечная

Падзеі

Выкананне работ з выкарыстаннем грузапад’ёмных кранаў адносіцца да работ з павышанай небяспекай, што патрабуе выканання патрабаванняў бяспекі.

Аналіз расследаванняў няшчасных выпадкаў, праведзеных тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з удзелам прадстаўнікоў Дзяржпрамнагляду паказаў, што здарэнні, як правіла, не маюць прычын тэхнічнага характару, а з’яўляюцца вынікам нізкай вытворчай, тэхналагічнай дысцыпліны і невыканання патрабаванняў аховы працы машыністамі кранаў і стропальшчыкамі, бескантрольнасці за іх працай з боку асобаў, адказных за бяспечную эксплуатацыю грузапад’ёмных кранаў.

Парушэнні патрабаванняў бяспекі прыводзяць да траўміравання работнікаў. Так, у 2016 годзе і I квартале 2017 года на прадпрыемствах (арганiзацыях) Рэспублікі Беларусь пры эксплуатацыі грузапад’ёмных кранаў адбыліся 13 няшчасных выпадкаў з цяжкімі зыходамі, з іх 2 па Гродзенскай вобласці. Пры гэтым усе грузапад’ёмныя краны і прыстасаванні ў момант здарэння знаходзіліся ў спраўным стане.

Абодва няшчасныя выпадкі з цяжкім зыходам адбыліся ў ААТ «Мастоўдрэў».

Прычынамі няшчасных выпадкаў з’яўляюцца парушэнні пацярпелымі і машыністамі кранаў патрабаванняў нарматыўных прававых актаў па ахове працы, тэхналагічных інструкцый, правілаў па забеспячэнні прамысловай бяспекі грузапад’ёмных кранаў, якія выявіліся ў падняцці груза пры нахільным становішчы грузавых канатаў, у знаходжанні пацярпелага ў небяспечнай зоне перамяшчаемага грузу, парушэнні тэхналагічных рэгламентаў па ўкладцы і разборцы штабялёў, а таксама парушэнні патрабаванняў правілаў бяспекі пры страпоўцы круглага лесу.

З мэтай прафілактыкі і недапушчэння ў далейшым падобных няшчасных выпадкаў пры выкананні работ з выкарыстаннем грузапад’ёмных кранаў рэкамендуем арганізаваць:

  • інфармаванне працоўных калектываў пра абставіны і прычыны няшчасных выпадкаў, якія адбыліся пры эксплуатацыі грузапад’ёмных кранаў;
  • правядзенне пазапланавых інструктажоў з машыністамі кранаў і стропальшчыкамі;
  • распрацоўку праектаў выканання работ, іншых тэхналагічных рэгламентаў у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў і наяўнасць іх у месцах выканання работ кранамі;
  • няўхільнае выкананне спецыялістамі і персаналам патрабаванняў службовых інструкцый, праектаў правядзення работ і іншых тэхналагічных рэгламентаў, якія вызначаюць патрабаванні бяспекі пры правядзенні работ кранамі;
  • пастаянны кантроль тэхнічнага стану грузапад’ёмных кранаў і ўтрыманне іх у спраўным стане, звяртаючы асаблівую ўвагу на спраўнасць і адпаведнасць наладак прыбораў бяспекі ўказанням эксплуатацыйнай дакументацыі.

А. ПРАВАТОРАЎ,
старшы дзяржаўны інспектар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *