Пракурор Дзятлаўскага раёна А. Вялічка: працуе зладжаны, надзейны калектыў

Здарэнні і бяспека

Да 95-годдзя пракуратуры Рэспублікі Беларусь

26 чэрвеня 1922 года трэцяя сесія Цэнтральнага выканаўчага камітэта Беларускай ССР для ажыццяўлення нагляду за выкананнем законаў і барацьбы са злачыннасцю прыняла Палажэнне аб пракурорскім наглядзе і заснавала ў складзе Народнага Камісарыята Юстыцыі Дзяржаўную пракуратуру. З гэтага дня і пачынаецца гісторыя дзейнасці беларускай пракуратуры, якая сёлета адзначае сваё 95-годдзе.

Напярэдадні юбілейнага Дня работнікаў пракуратуры карэспандэнтка газеты пагутарыла з пракурорам Дзятлаўскага раёна А. Вялічкам.

— Алег Валер’евіч, некалькі месяцаў таму вы ўзначалілі раённую пракуратуру. Якое ўражанне склалася аб Дзятлаўскім раёне?

— Уражанне станоўчае. Прыгожы раён, добразычлівыя людзі. Што тычыцца прафесійнага погляду, то, як вядома, пракуратура Беларусі каардынуе праваахоўную дзейнасць дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу са злачыннасцю і карупцыяй, іншых арганізацый, якія прымаюць удзел у барацьбе са злачыннасцю, а таксама ажыццяўляе агульны нагляд за выкананнем заканадаўства. Па гэтых накірунках даводзіцца цесна супрацоўнічаць з мясцовымі ўстановамі і арганізацыямі. Магу зазначыць, што на Дзятлаўшчыне спецыялісты на месцах ведаюць і добрасумленна выконваюць свае працоўныя абавязкі. Папярэдні пракурор на належным узроўні наладзіў работу ў раёне, тут можна плённа і вынікова працаваць, тым больш, што для гэтага ў пракуратуры Дзятлаўскага раёна створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. Што тычыцца колькасці ўчыняемых злачынстваў, то яна параўнальна невысокая на фоне іншых рэгіёнаў нашай рэспублікі.

— Якім накірункам у рабоце надаяце асаблівую ўвагу?

— Для пракуратуры акрэслены стратэгічныя накірункі дзейнасці, якія застаюцца нязменнымі, паколькі мы сочым за выкананнем заканадаўства нашай краіны. Найбольш увагі пракуратура раёна надае актуальным пытанням: прафілактыцы адміністрацыйных і крымінальных правапарушэнняў, барацьбе з карупцыяй, разгляду зваротаў грамадзян. Паколькі людзі лічаць нас «апошняй інстанцыяй», заўжды стараемся даць ім вычарпальна поўныя адказы на пытанні, з якімі звяртаюцца. Зразумела, што не ўсе праблемы могуць вырашацца на карысць заяўнікаў, бо, здараецца, памылковыя высновы з пункту гледжання закона робяць менавіта яны. Але разабраць кожны канкрэтны выпадак, даць тлумачэнні — гэта наша задача. Таксама на пастаянным кантролі пракуратуры — пытанні бяспекі жыцця і здароўя грамадзян.

— Наколькі вынікова пракуратура раёна працавала ў першым паўгоддзі 2017 года?

— У раёне назіраецца зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў прыкладна на 30%. Па колькасці сярод зарэгістраваных злачынстваў лідзіруюць крадзяжы і нявыплаты аліментаў. З пачатку года не было цяжкіх злачынстваў, зарэгістравана адно злачынства, звязанае з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў (вядзецца следства). На належным узроўні наладжана работа па прафілактыцы злачынстваў, звязаных з ужываннем, захоўваннем, рэалізацыяй псіхатропаў. Каналаў збыту ў раёне не дапушчана, рэгістраваліся адзінкавыя факты захоўвання. У гэтым плане Дзятлаўшчына адносна дабранадзейная. Як негатыў, можна назваць рэцэдыўную злачыннасць і злачынствы, учыненыя ў стане алкагольнага ап’янення. Так, за чатыры месяцы з пачатку года асобамі, якія маюць непагашаную і нязнятую судзімасць, учынена 40,7% ад агульнай колькасці злачынстваў, з 18% да 20% павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у п’яным выглядзе.

Яшчэ спецыфіка Дзятлаўшчыны — значная колькасць крадзяжоў з нежылых дамоў, якія ўчыняюцца ў зімовы перыяд. Паведамленні аб іх ад гаспадароў паступаюць, як правіла, вясной, калі пачынаецца дачны сезон. Крадуць найчасцей металічныя рэчы, бытавую тэхніку. Прычыны гэтай з’явы — алкагалізацыя насельніцтва, беспрацоўе, нізкі дастатак, нізкая прававая культура грамадзян. На жаль, многія гаспадары нядбайна адносяцца да захаванасці сваёй маёмасці, чым правакуюць злодзеяў браць тое, «што кепска ляжыць».

— Якія працоўныя планы на другое паўгоддзе 2017 года?

— Стрымліваць злачыннасць, па-ранейшаму вялікую ўвагу надаваць прафілактыцы злачынстваў супраць асобы, актывізаваць дзейнасць у накірунку барацьбы з карупцыяй (за першае паўгоддзе такіх злачынстваў не выяўлена, але гэта не значыць, што іх няма ў раёне). У летні перыяд вялікую ўвагу будзем надаваць адпачынку дзяцей і дарослых, асабліва каля вадаёмаў, прафілактыцы дзіцячага траўматызму.

— Поспехі ў рабоце напрамую залежаць ад калектыву. Раскажыце пра работнікаў пракуратуры Дзятлаўскага раёна.

— На Дзятлаўшчыне я нядаўна, але магу ўпэўнена сказаць, што з калектывам мне пашанцавала. Ён невялікі, але зладжаны, правераны часам, здольны вырашаць пастаўленыя задачы. Намеснік пракурора Аляксандр Паўлавіч Юркевіч працуе ў органах пракуратуры з 2009 года, на займаемай пасадзе — з мая 2013 года. Курыруе пытанні выканання заканадаўства і законнасці прававых актаў, заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Ён дысцыплінаваны супрацоўнік, граматны спецыяліст. 25 гадоў прафесійнай дзейнасці аддала памочнік пракурора Ірына Аляксандраўна Забеліна. Асноўнае кола яе абавязкаў — ажыццяўленне нагляду за адпаведнасцю закону судовых пастановаў па крымінальных справах, у чым летась яна дасягнула высокіх вынікаў, за час службы неаднаразова была адзначана ўзнагародамі пракурора вобласці, аблвыканкама. З 2007 года на пасадзе загадчыцы канцылярыі пракуратуры працуе Святлана Станіславаўна Пузач. За паспяховую работу ў 2016 год яе партрэт быў змешчаны на Дошку гонару пракуратуры Гродзенскай вобласці. Шмат гадоў у пракуратуры раёна вадзіцелем працуе Аляксандр Яўгенавіч Кулеш, некалькі гадоў таму ў склад нашага калектыву ўвайшла тэхработніца Алена Аляксееўна Вішнарэўская — для іх таксама характэрны такія прафесійныя рысы, як сабранасць, абавязковасць, адказнасць.

— Якія пажаданні калегам і ветэранам службы да прафесійнага свята?

— Высокі прафесіяналізм, вернасць абавязку, прынцыповасць, аб’ектыўнасць, паважлівыя адносіны да людзей з боку работнікаў пракуратуры дапамагаюць ім карыстацца аўтарытэтам. Жадаю і надалей адпавядаць гэтым патрабаванням, паспяхова выконваць працоўныя задачы па ўмацаванні законнасці і абароне правоў грамадзян. Шчыра жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў у рабоце, кар’ернага росту.

І. КАЎКЕЛЬ

НА ФОТАЗДЫМКУ: калектыў пракуратуры Дзятлаўскага раёна: злева-направа С. Пузач, А. Кулеш, І. Забеліна, А. Вялічка, А. Юркевіч, А. Вішнарэўская.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *