Падлеткам і моладзі трэба навучыцца казаць цвёрдае «не» людзям, якія спрабуюць уцягнуць іх ва ўжыванне псіхатропаў

Здарэнні і бяспека

26 чэрвеня адзначаўся Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і незаконным абаротам наркатычных сродкаў. У гэты дзень аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама наведалі навучэнцы 8-9 класаў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. Супрацоўнікі міліцыі падрыхтавалі для іх прафілактычнае мерапрыемства, скіраванае на прафілактыку наркаманіі, фарміраванне прававой культуры, прывіццё здаровага ладу жыцця, прафесійную арыентацыю.

Гасцей павітаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх В. Петрукевіч. Ён зазначыў, што наркотыкі сталі чумой ХХІ стагоддзя і ў групе рызыкі — падлеткі і моладзь. Лепшая абарона ад нарказалежнасці — гэта прафілактыка. Падлеткам і моладзі трэба навучыцца казаць цвёрдае «не» людзям, якія спрабуюць уцягнуць іх ва ўжыванне псіхатропаў.

Чаму не варта каштаваць наркотыкі расказаў аператыўны ўпаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама В. Бароўскі. Ён патлумачыў, якое пакаранне прадугледжана заканадаўствам за захоўванне, ужыванне, збыт псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, чаму нельга, каб у агародзе рос мак, прывёў выпадкі з практыкі, папрасіў падлеткаў неадкладна інфармаваць праваахоўнікаў, калі яны сутыкаюцца з людзьмі, якія распаўсюджваюць або ўжываюць наркотыкі, курыльныя сумесі.

Увазе прысутных была прадстаўлена дакументальная стужка «Самому не справіцца» пра падлеткаў, якія трапілі ў наркатычную залежнасць.

Вядучы спецыяліст групы па грамадзянстве і міграцыі С. Юргель расказала аб працэдуры атрымання галоўнага дакумента грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — пашпарта, патлумачыла меры адказнасці за адсутнасць дакумента або несвоечасовы абмен.

Вынікі размовы падвёў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх В. Петрукевіч. Ён падкрэсліў, што ўжыванне наркотыкаў вядзе да псіхічнай і фізічнай дэградацыі асобы, нярэдка — да гібелі або інваліднасці, адным словам, застацца здаровым пасля ўжывання псіхатропаў не атрымаецца. Таму падлеткі павінны зрабіць правільны выбар.

Таксама Віктар Віктаравіч расказаў пра структуру раённага аддзела міліцыі, спецыфіку работы праваахоўнікаў, патлумачыў, як можна атрымаць міліцэйскую прафесію, раздаў жадаючым памяткі з пералікам навучальных установаў, дзе гэта можна зрабіць.

У сустрэчы прыняла ўдзел першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» К. Хілімончык.

І. СТЫРНІК

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *