Лёсы людскія. Каханне, мацнейшае за брыльянт

Падзеі

Брыльянт — самы трывалы мінерал у прыродзе. Паспрабуеце разбіць яго малатком — нічога не атрымаецца. Акрамя таго, гэты камень вельмі прыгожы і каштоўны. Нездарма, 60-гадовы юбілей сумеснага жыцця называюць брыльянтавым вяселлем. Калі трывалую сямейную сувязь, заснаваную на глыбокай павазе і каханні, удаецца зберагчы і пранесці праз многія-многія дзесяцігоддзі — гэта шчасце.

60 гадоў таму, 2 ліпеня 1957 года, клятву маладажонаў далі мае прадзядуля і прабабуля — Валянцін Канстанцінавіч Папоў і Ядвіга Антонаўна Матусевіч, а сёлета яны рыхтуюцца адсвяткаваць сваё брыльянтавае вяселле. Для мяне прабабуля і прадзядуля — яскравы прыклад мудрасці, кахання, дабрыні.

Скрыжаванне лёсаў: Данбас — Наваельня

Сям’я Матусевічаў здаўна жыла ў пасёлку Наваельня. А Валянцін Папоў нарадзіўся і вырас у Луганскай вобласці, што на Украіне. Адтуль на фронт родныя праводзілі яго бацьку, які загінуў на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ненамнога перажыла мужа маці, якая памерла ў 1950-ым, пакінуўшы сына Валянціна і дачку Лілію сіротамі. Клопаты па выхаванні ўнукаў узялі на сябе бабуля з дзядулем.

Здаецца, як лёс можа звесці людзей, якія жывуць за тысячы кіламетраў адзін ад аднаго? Толькі выпадкова. У 1956 годзе на Данбасе адшукаліся родныя Матусевічаў, якія згубіліся ў гады Першай сусветнай вайны. Ядвіга, якая на той час працавала медыцынскай сястрой у дзіцячым аддзяленні Наваельнянскага тубсанаторыя, узяла водпуск, паехала знаёміцца з украінскімі сёстрамі. Сустрэлі госцю з Беларусі цёпла: выдзелілі ёй пакой, даручылі пляменніку Вову, які скончыў дзявяты клас, пазнаёміць дзяўчыну з горадам.

Валянцін жыў па-суседстве. На працягу года ён знаходзіўся ў акадэмічным водпуску з-за высокага ціску і даволі часта пеша гуляў па горадзе. У час адной з такіх прагулак родныя Ядвігі паклікалі яго да сябе пазнаёміць з беларусачкай.

Ядвіга Антонаўна і праз 60 гадоў дакладна памятае тую сустрэчу, свае ўражанні:

— Ляжу, чытаю кнігу. Уваходзіць хлопец, такі высокі, прыгожы: сам — чорнавалосы, а вочы — блакітныя. Мы пазнаёміліся, пачалі размову, высветлілася, што ў яго дастаткова вольнага часу, і ён згадзіўся павадзіць мяне па горадзе. Так і атрымалася: днём мы гулялі з Валянцінам, а вечарам — з пляменнікам Вовам.

З Валянцінам заўсёды было цікава: то завядзе мяне туды, дзе кавуны растуць, то пакажа дзікія лясныя сцяжынкі. У магазін таксама разам хадзілі. Памятаю, сястра захацела купіць мне чувякі (прыгожыя скураныя тапачкі) і папрасіла Валянціна звазіць мяне на базар. Які вясёлы быў той дзень!

Месяц праляцеў, як імгненне, прыйшоў час расставання. На развітанне мы сказалі адзін аднаму простае «бывай». Я не ведала, ці сустрэнемся яшчэ, не спадзявалася на працяг знаёмства.

Насуперак жаданню родных

Першае пісьмо прыйшло Ядвізе позняй восенню. Кожны радок быў прасякнуты пяшчотай, сэрца асабліва кранулі словы: «Я зразумеў, што ты мне патрэбна». Перапіска доўжылася да наступнага водпуску.

Адначасова з Валянцінам з Украіны пісала сястра, клікала да сябе жыць, тлумачыла, што не месца васямнаццацігадовай дзяўчыне ў туберкулёзным санаторыі. З намерам знайсці новую работу Ядвіга накіравалася ў чарговую паездку.

У вечар прыезду ў госці завітаў Валянцін з прапановай рукі і сэрца. Ядвіга была здзіўлена і ўзрушана, папрасіла даць час на роздум, тым больш што ўкраінская радня была супраць іх саюза. У шахцёрскім пасёлку, дзе яны жылі, жанчын, якія працавалі, было мала. Мужчыны зараблялі вельмі вялікія грошы ў шахтах і кармілі свае сем’і. Сям’я Ядвігі планавала, што іх беларусачка таксама не будзе працаваць. Валянцін жа не мог быць шахцёрам з-за траўмы рукі, якую атрымаў у пасляваенным дзяцінстве.

Аднак сустрэчам маладых людзей родныя не перашкаджалі. Аднойчы ўвечары Валянцін прапанаваў Ядвізе распісацца.

— Я тады ўжо разумела, што проста не магу жыць без гэтага сінявокага хлопца, і згадзілася, — прызнаецца Ядвіга Антонаўна. — Раніцай, як звычайна, ён праводзіў мяне да работы. У кішэні маёй спадніцы ўжо ляжаў пашпарт. Вечарам я была не Матусевіч, а Папова. Нас зарэгістравалі адразу, нават без сведак. Мы купілі віна, пайшлі да бабулі і дзядулі Валянціна, адзначылі наша «вяселле».

Дахаты я вярнулася ў выдатным настроі. Сястра адразу гэта заўважыла і пацікавілася — чаму? Калі дазналася праўду, вельмі крычала. Я ўсю ноч праплакала ў сваім пакоі. Назаўтра мае родныя змірыліся, а мы з Валянцінам пайшлі жыць да яго бабулі і дзядулі.

У Беларусь, пад шаты соснаў

Два гады маладая пара жыла ва Украіне. Там нарадзіўся старэйшы сын Саша. Валянцін працаваў газазваршчыкам на Штэраўскай ГРЭС. Жылі добра.

Але Ядвізе захацелася дахаты, дзе шумяць наваельнянскія сосны. Валянціну давялося паабяцаць, што летам звозіць жонку на радзіму.

У час візіту ў Беларусь Валянціна Канстанцінавіча ўразіла наваельнянская зямля. Справа ў тым, што на Данбасе пасля дажджу на вуліцу немагчыма выйсці без галёшаў — гразь наліпае на абутак. У Наваельні ноччу прайшоў дождж, а раніцой госцю ніхто не прапанаваў галёшы. Якім жа было здзіўленне Валянціна, калі ён змог прайсціся па наваельнянскай зямлі ў звычайным абутку. Прайшоўся — і спадабалася. «Хачу тут жыць» — сказаў сваёй цешчы, а тая згодна махнула галавой.

У кастрычніку 1959 года Паповы канчаткова пераехалі ў Наваельню. У прыгожым гарадскім пасёлку, які стаіць сярод соснаў, нарадзіліся яшчэ двое іх дзяцей — Ліля і Наташа. Ядвіга Антонаўна працавала медсястрой у дзіцячым аддзяленні тубсанаторыя, пасля яго закрыцця — у дарослым аддзяленні дыетсястрой. Валянцін Канстанцінавіч уладкаваўся ў сельпо рахункаводам, пазней стаў загадчыкам гандлем, быў старшынёй сельпо ў Казлоўшчыне, дырэктарам гандлёвай базы ў Слоніме, бухгалтарам у ПМК-52. Далейшая яго работа была звязана з будаўніцтвам: працаваў майстрам, прарабам, з прарабскага ўчастка пайшоў на пенсію.

І прабабуля, і прадзядуля адпрацавалі па 40 гадоў, выгадавалі траіх дзяцей, дапамагалі гадаваць пяцёра ўнукаў, цяпер радуюцца тром праўнучкам.

Навошта клад, калі ў сям’і лад

Бабуля часта паўтарае:

— Валянцін заўжды быў прыгожы мужчына, але любіў мяне адну і вельмі добра адносіўся. Ніводнага нецэнзурнага слова, ніякіх папрокаў за ўсё жыццё. Кожнай бы такога мужа.

А дзядуля пацвярджае:

— Калі б вярнулася б маладосць, то ажаніўся толькі б з Ядвігай.

Нам, малодшаму пакаленню сям’і Паповых, карысна назіраць, як прадзядуля стараецца сам зрабіць любую работу, каб лягчэй было каханай жонцы. Прабабуля прачынаецца раней, каб пачаставаць мужа сваімі смачнымі блінамі. У хаце і на ўчастку ў іх — прыгажосць і парадак, нездарма дома захоўваецца шэраг узнагародаў сельвыканкама за «ўзорны падворак». Сцены хаты ўпрыгожаны вышыванымі карцінамі: вышыўка крыжыкам — захапленне прабабулі. Яшчэ яе захапленні — кветкі і ландшафтны дызайн. Ядвіга Антонаўна прыдумвае, а Валянцін Канстанцінавіч увасабляе яе ідэі ў жыццё. Яго працавітымі рукамі змайстраваны альтанка, хатка на курыных ножках, якая можа рухацца, нават штучныя баравікі ён сам выразаў з сілікатных блокаў.

Гледзячы на нашых юбіляраў, і мы разумеем важную ісціну: старасць шчаслівая ў акружэнні дзяцей і ўнукаў, калі ў сваёй далоні ўсё жыццё адчуваеш далонь любімага чалавека.

М. КАСКО,

праўнучка Валянціна Канстанцінавіча і Ядвігі Антонаўны Паповых

НА ФОТАЗДЫМКУ: брыльянтавыя юбіляры — сямейная пара Паповых.

Фота І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *