Якуб Колас у Дзятлаве. Гісторыя адной карціны

Падзеі

У лістападзе спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа

Кароткая біяграфічная даведка:

Нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю ў 1902 годзе. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў 1906 годзе асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. Удзельнік I Cусветнай і Грамадзянскай войнаў. З 1921 года жыў, вучыўся і працаваў  у Мінску. Празаік, паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны паэт БССР, акадэмік АН БССР, член Саюза пісьменнікаў СССР, неаднаразовы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і БССР. Лаурэат Сталінскай прэміі I і II ступеняў, узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём ”Партызану Айчыннай вайны” I ступені. Памёр 13 жніўня 1956 года.

Якуб Колас вядомы нам пераважна як літаратар – празаік, паэт. Усе са школьных гадоў знаёмы з яго паэмамі “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, трылогіяй “На ростанях”, іншымі творамі. Яго вершы пакладзены на музыку. Ён з’яўляўся навукоўцам у галіне беларусазнаўства і адстойваў чысціню беларускай мовы. Яго называлі песняром сярмяжнай сялянскай душы. Менш вядомыя старонкі жыцця Якуба Коласа, што звязаны з яго грамадскай, у прыватнасці, дэпутацкай дзейнасцю.

Паводле Канстытуцыі БССР ад 1937 года ў склад Вярхоўнага Савета БССР выбіралі аднаго дэпутата ад 20 тысяч выбаршчыкаў. Выбаршчыкі Дзятлава і навакольных вёсак у 1954 годзе ўваходзілі ў склад Навагрудскай выбарчай акругі. Выбары ў Вярхоўны Савет БССР былі прызначаны на канец 1954 года.

“Восенню 1954 года ў пасёлак Дзятлава прыехаў кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, больш усім вядомы як Якуб Колас. Разам з ім быў яго сябра беларускі паэт Максім Лужанін, – успамінае сведка той сустрэчы, ветэран педагагічнай працы Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч. – Сустрэча з выбаршчыкамі была прызначана ў памяшканні Дзятлаўскага дома культуры, які мясціўся тады па вуліцы Чырвонаармейскай. Перад сустрэчай Якуб Колас у суправаджэнні прадстаўнікоў раёна пешшу абышоў ваколіцы Дзятлава. Помніцца, ён адзначыў, што на палях вельмі шмат камення”.

Затым высокі госць і прадстаўнікі ад кіраўніцтва раёна накіраваліся на сустрэчу з выбаршчыкамі. Ад выбаршчыкаў даручана было выступіць А. А. Валуевічу з прамовай на 5-7 хвілін. Выступленне яго папярэдне было праверана супрацоўнікамі аддзела агітацыі і прапаганды райкама партыі. Першы выступіў сакратар райкама партыі В. У. Нікіценка. Сакратар расказаў пра вытворчыя дасягненні раёна. Затым выступіў А. А. Валуевіч. Сваё выступленне ён закончыў радкамі з паэмы “Новая зямля” – “Мой родны кут, як ты мне мілы…”.

Слова далі, вядома, і Якубу Коласу. Ён расказаў пра развіццё БССР,  адзначыў дасягненні нашых працаўнікоў. А. А. Валуевічу запомнілася, што сказаў Я. Колас пра Дзятлаўшчыну: “Бедны ваш раён, бедны, але вы праз свой розум і рукі станеце багатымі”.

Пасля сустрэчы сфатаграфаваліся разам з Якубам Коласам. А ў зале аддзела міліцыі адбыўся святочны прыём.

На жаль, дэпутатам ад Дзятлава Якуб Колас прабыў нядоўга. 13 жніўня 1956 года ён памёр. Пасля яго смерці адбыліся давыбары. Новым дэпутатам стаў вядомы беларускі паэт Пятрусь Броўка.

Адзін з экзэмпляраў фотаздымка памятнай сустрэчы з Якубам Коласам знаходзіцца ў сямейным альбоме вядомага мастака-кераміста Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага. Ён тады працаваў інструктарам Дзятлаўскага раённага дома культуры. Дзякуючы гэтаму фотаздымку і была ў 2013 годзе напісана карціна “Якуб Колас у Дзятлаве”.

Цяпер карціна знаходзіцца ў фондах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і часта экспануецца на выставах. Наведвальнікі музея могуць убачыць на карціне постаці народнага паэта БССР Якуба Коласа, майстра разьбы па дрэве Уладзіміра Мацюка, які працаваў тады ў Доме культуры, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыі Васільеўны Ільюшэнка, сакратароў райкама партыі В. У. Нікіценкі, Болазева, інструктара райкама партыі А. Р. Кавальчука, інструктараў Дома культуры Мікалая Несцярэўскага і Леаніда Хацяневіча, сястры Мікалая Несцярэўскага Вольгі Сідар і іншых.

Дапамагла аўтару падрыхтаваць гэты артыкул галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Станіславаўна Якаўчык.

М. ЛУК’ЯНЧЫК

Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *