Дзеці пакутуюць з-за бацькоў. Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Разгледжаны 4 пытанні

Сацыяльная сфера

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны 4 пытанні. Адно — аб магчымасці вяртання дзіцяці ў сям’ю пасля прызнання маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Тры — хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія належным чынам выконваюць свае абавязкі.

Сын выклікаў міліцыю

Сацыяльна ненадзейная сям’я (жанчына і двое яе непаўналетніх дзяцей) жыве разам з бабуляй. Паміж дарослымі здараюцца скандалы.

Педагогі расказалі, што скандалы — не адзіная прычына сямейнага недабрабыту. Маці схільна да ўжывання спіртнога, некалькі месяцаў таму была пакарана штрафам за ўцягванне непаўналетняга ў распіццё алкагольных напояў. На бацькоўскія сходы ў школу жанчына не ходзіць. У сына ёсць праблемы з вучобай і паводзінамі, праўда, апошнім часам сітуацыя пачала мяняцца да лепшага.

Жанчыну пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18 і папярэдзілі аб недапушчэнні падобных паводзінаў у далейшым.

Бацьку варта брацца за розум

У сацыяльна ненадзейнай сям’і гадуецца дзіця ва ўзросце да года. Бацькі схільныя да злоўжывання алкаголем, сям’я жыве на дапамогу па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Яшчэ нядаўна бацька быў працаўладкаваны, аднак з-за шматлікіх прагулаў яго звольнілі. Мужчына наведваў нарколага, прайшоў курс лячэння ад алкагольнай залежнасці — і адразу ж зноў пачаў ужываць алкаголь.

Маці ў час цяжарнасці таксама ўжывала спіртное. Цяпер жанчына стараецца трымаць сябе ў руках, выконвае патрабаванні службаў прафілактыкі. Аднак сітуацыя ў сям’і нестабільная, таму дзіця могуць прызнаць маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, калі бацька не возьмецца за розум. Дарослым пра гэта паведамілі, пад роспіс азнаёмілі іх з патрабаваннямі Дэкрэта №18.

Ці будзе выкарыстаны шанц?

Маці гадуе трох дзяцей, старэйшае з якіх — ад ранейшага сужыцеля. Нядаўна жанчына пасварылася з цяперашнім сужыцелем — бацькам малодшых дзяцей. Ён паехаў з хаты, а ў міліцыю паведаміў, што жанчына дзяцей не глядзіць. Непаўналетнія і сапраўды знаходзіліся ў сяброўкі маці.

Трывожныя паведамленні пра сям’ю паступаюць і ад службаў прафілактыкі. Нягледзячы на сур’ёзныя заўвагі жанчына груба размаўляе з адказнымі спецыялістамі, не прыслухоўваецца да іх парадаў і патрабаванняў.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх гора-маці папярэдзілі, што ад яе далейшых паводзінаў залежыць лёс дзяцей. Пачалі збор дакументаў для прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Вяртаць — рана

У лютым бацькі сталі абавязанымі асобамі, а іх сын трапіў у Гродзенскі дом дзіцяці. Працаўладкаваліся дарослыя толькі ў красавіку, таму маюць запазычанасць за знаходжанне сына на дзяржаўным забеспячэнні. Фінансавы стан сям’і складаны. Жывуць дарослыя ў кватэры, якая пацярпела ад пажару. Памяшканне не адпавядае патрабаванням для пражывання дзіцяці. Вярнуць туды немаўля немагчыма.

Калі дарослыя не выканаюць усе патрабаванні плана індывідуальнай работы з сям’ёй, дзіця ім не аддадуць, у суд будуць накіраваны дакументы на пазбаўленне іх бацькоўскіх правоў.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама

І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *