Асцярожна: кляшчы! Як засцерагчыся і як выдаліць кляшча

Здарэнні і бяспека

Пік актыўнасці кляшчоў прыпадае на жнівень-верасень — менавіта ў гэты перыяд кляшчы небяспечныя для чалавека, паколькі могуць заразіць інфекцыйнымі хваробамі, у тым ліку — клешчавым энцэфалітам. Не менш небяспечныя і першыя месяцы лета. Тым больш, што ў гэты перыяд самы актыўны адпачынак людзей на прыродзе.

Лясны клешч не можа самастойна перамяшчацца на вялікія адлегласці. Седзячы на травінцы, галінцы, ён чакае, калі хтосьці апынецца паблізу. Як толькі гэта адбываецца, ён чапляецца за скуру або вопратку і, перамяшчаючыся па целе, шукае сабе месца. Таму, адпраўляючыся ў лес, абавязкова выконвайце правілы бяспекі: надзеньце шапку, панаму, а лепш — капюшон, які закрывае шыю; выберыце адзенне, якое шчыльна прылягае да запясцяў, шчыкалатак, шыі. Пасля вяртання з лесу абавязкова агледзьце сябе. Як правіла, укусы кляшчоў бязбольныя, і таму выявіць кляшча можна толькі пасля пільнага агляду. Калі клешч яшчэ не паспеў прысмактацца да скуры, ён абсалютна бяспечны, а калі клешч прысмактаўся да цела — выдаліць яго цяжэй. Для яго выдалення неабходна выкарыстоўваць пінцэт з тонкімі канцамі, якім трэба захапіць галоўку кляшча ля самай скуры пацярпелага і, разгойдваючы, выцягнуць яго. У выпадку адрыву тулава кляшча ад галоўкі яе трэба выдаліць з дапамогай іголкі ці шпількі. Пасля выдалення кляшча месца ўкусу варта апрацаваць ёдам, зялёнкай, спіртам, гарэлкай. У месцы ўкусу ўтвараецца прыпухласць, ёсць пачырваненне скуры, сверб, якія знікаюць праз некалькі гадзін. Але нават у тым выпадку, калі ад крывасмока ўдалося пазбавіцца, візіт да доктара будзе не лішнім.

А. БЕЛЕНКА,

інспектар Дзятлаўскага РАНС



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *