Купалле ў Беларусі. Культурныя адметнасці Беларусі
Опубликовал

Купалле ў Беларусі. Культурныя адметнасці Беларусі

У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі.

Святы ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у многіх народаў Еўропы: Янаў дзень у Балгарыі, святы Ян у Венгрыі, Сан-Хуан у Іспаніі, Ліга ў Латвіі… Ва ўсходніх славян гэта Іван Купала, але, бадай, менавіта ў Беларусі найбольш поўна захаваліся традыцыі Купалля, якое адзначаюць з асаблівым размахам.

З гісторыі Купалля

Магічныя абрады і рытуалы Купалля ўзніклі яшчэ ў язычніцкія часы. «Купала» азначала «сярдзітае», «гарачае», «ускіпаючае гневам», «раз’юшанае» – менавіта так продкі ўяўлялі сонца і яго цудадзейную сілу. У час свята людзі дзякавалі і магутным стыхіям – Агню, Вадзе, Зямлі.

З распаўсюджваннем хрысціянства да Купалля быў прымеркаваны дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля. Сугучнасць слоў «купала» і «купаць», «апускаць у ваду» ў народнай свядомасці прывяла да змяшэння ў назве свята – Іван Купала.

Купальскія «цуды», традыцыі і абрады

З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку «гуляе».

Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці,  якая зацвітае, згодна з павер’ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук «папараць-кветкі» – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.

На Купалле беларусы праводзілі яшчэ шмат сімвалічных абрадаў:

збор лекавых кветак і траў, якія набывалі ў гэту ноч асаблівую сілу;

рытуал ачышчэння агнём (праз купальскае вогнішча людзі скакалі, у ім спальвалі кола-«сонца», адзенне хворых, старыя рэчы);

варажба на будучае (дзяўчаты пускалі па вадзе купальскія вянкі);

абрадавая вячэра;

рытуалы аховы дамоў і палёў ад нячыстай сілы;

прашэнне багатага ўраджаю і дастатку;

абрадавыя песні і карагоды, шумныя вясёлыя гульні;

рытуал ачышчэння вадой на ўзыходзе сонца, умыванне расой.

Здаўна ў Купаллі ўдзельнічалі ўсе жыхары сяла ад малога да вялікага, бо толькі ўсеагульнае выкананне абрадаў забяспечвала дабрабыт.

Крыніца

3 2 1717 21 Июнь, 2017 Сацыяльная сфера Июнь 21, 2017

2 комментария

  1. Дзятлаўчанка

    Вы апошнім часам многа пішаце пра Купалле на вашым сайце. А падкажыце, ці будзе сёлета Купалле ў Дзятлаве?

    Ответить

    1. Автор записи
      administrator

      Купалле будзе 7 ліпеня

      Ответить

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *