Званок апошні, развітальны

Падзеі

30 мая ў школах Дзятлаўшчыны празвінелі апошнія званкі. Яны сталі развітальнымі для 165 адзінаццацікласнікаў нашага раёна. Яшчэ 257 навучэнцаў сёлета скончылі дзявятыя класы, іх чакаюць школьныя экзамены, а некаторых і паступленне. Для астатніх школьнікаў Дзятлаўскага раёна апошні званок стаў пачаткам летніх канікулаў.

Карэспандэнты газеты пабылі на свяце апошняга званка ў Гезгалаўскай сярэдняй школе, дзе сёлета праводзілі ў вялікае жыццё 10 адзінаццацікласнікаў. Яшчэ 12 вучняў установы скончылі дзявяты клас.

З заканчэннем навучальнага года настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў павіншаваў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А. М. Дубовік.

— Сёлета навучэнцы Гезгалаўскай школы не толькі папоўнілі багаж ведаў, а і дасягнулі пэўных вынікаў у вучобе: сталі прызёрамі алімпіядаў, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, асобныя — закончылі навучальны год на выдатна. Наперадзе — лета. Жадаю прыемнага адпачынку, каб вярнуліся за парты з новымі сіламі.

Паважаныя настаўнікі, прыміце словы шчырай падзякі за вашу нялёгкую і адказную працу. У многім ад вас залежыць выхаванне падрастаючага пакалення і будучыня Беларусі. Вы выхавалі шмат дастойных людзей, якія праслаўляюць Дзятлаўшчыну ў рэспубліцы і за яе мяжамі. Жадаю вам мудрасці, цярпення, рэалізацыі творчых планаў. І надалей дастойна насіце высокае званне «Настаўнік».

Паважаныя бацькі, дзякую вам за падтрымку вашых дзяцей. Няхай ваша дапамога ў іх жыцці спрыяе станаўленню іх актыўнай пазіцыі, прафесіяналізму, прыносіць новыя перамогі.

Дарагія выпускнікі, вы многаму навучыліся, прымалі ўдзел у грамадскім жыцці, адчулі радасць перамогаў, абаранялі гонар школы на прадметных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах. Цяпер вы развітваецеся са школай. Паспехаў вам на цэнтралізаваным тэсціраванні і ў час паступлення. Не забывайце месца, дзе вы выраслі. Вяртайцеся на Дзятлаўшчыну кампетэнтнымі спецыялістамі, а мы пастараемся стварыць для вас спрыяльныя ўмовы работы і жыцця.

У добры шлях!

Да пажаданняў старшыні райвыканкама далучыліся класны кіраўнік выпускнікоў Т. У. Шыкуць, іх бацькі, ад імя якіх выступіла Г. В. Гаўрош, і навучэнцы першага класа.

Самі выпускнікі падрыхтавалі для сваіх настаўнікаў, малодшых сяброў, бацькоў і гасцей лінейкі развітальную праграму: песні, вершы, ад якіх многія ўпотай змахвалі слёзы, і дынамічны танец.

Кульмінацыяй свята стаў апошні развітальны званок. Яго адзванілі выпускнік Ілья Шыкуць і першакласніца Яна Савельева.

Граматы лепшым вучням па выніках 2016/2017 навучальнага года ўручыў дырэктар школы Э. І. Ненартовіч, грашовыя прэміі ад шэфаў — старшыня КСУП «Жукоўшчына» І. А. Свіб.

Эдуард Іосіфавіч пажадаў дзецям цікавых канікулаў, прыемнага адпачынку і зазначыў, што дзверы школы для іх будуць адкрытыя і летам: будуць працаваць чатыры летнікі, некалькі аздараўленчых пляцовак, гурткі, заняткі па інтарэсах.

Напрыканцы лінейкі да Дня абароны дзяцей кожнаму першакласніку школы быў падораны мяч ад Дзятлаўскага філіяла ААТ «ААБ «Беларусбанк».

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *