Пра памер пенсій, стаж, вылічэнні з пенсій — на самыя актуальныя пытанні жыхароў раёна адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Міхайлаўна Навічэнкава

Падзеі

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама звяртаюцца грамадзяне, каб атрымаць кансультацыі наконт пенсій па ўзросце, іх памераў. На самыя актуальныя пытанні жыхароў раёна адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Міхайлаўна Навічэнкава.

Пытанне: атрымліваю пенсію па ўзросце на агульных умовах. Індывідуальны каэфіцыент — 1,4. Летам хачу ўладкаваца на працу. Як будзе ў такім выпадку выплачвацца пенсія?

Адказ: Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» прадугледжвае розныя ўмовы выплаты пенсій для пенсіянераў, якія працуюць і не працуюць. У час работы пенсія можа выплачвацца ў поўным памеры або з частковым абмежаваннем. У поўным памеры выплачваюцца пенсіі тым, хто працуе непасрэдна на вытворчасці сельгаспрадукцыі ў калгасах, саўгасах, іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі. Права на выплату пенсій у поўным памеры таксама маюць тыя пенсіянеры, у якіх індывідуальны каэфіцыент заробку пенсіянера не перавышае 1,3. Што тычыцца пенсіянераў, у каго ён вышэйшы, тая частка іх пенсіі, якая налічана звыш каэфіцыента 1,3, у час работы або прадпрымальніцкай дзейнасці — не выплачваецца.

Пытанне: у мяне з’явілася запазычанасць па аплаце камунальных паслугаў. Па рашэнні суда з маёй пенсіі вылічваецца 50% для пагашэння запазычанасці. Ці правільна гэта?

Адказ: згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні», з пенсіі можа быць вылічана не больш за 50% на ўтрыманне членаў сям’і (аліменты), пагашэнне расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, пагашэнне шкоды, нанесенай злачынствам, пагашэнне шкоды, нанесенай жыццю або здароўю грамадзяніна, пры спагнанні запазычанасці па аплаце за карыстанне жылым памяшканнем, тэхнічнае абслугоўванне і камунальныя паслугі. Вылічэнне з вашай пенсіі ажыццяўляецца паводле заканадаўства, бо ў вас ёсць запазычынасць па аплаце камунальных паслугаў.

Пытанне: ці ёсць у заканадаўстве норма па льготным падліку стажу тым, хто працуе ў раёнах Крайняй Поўначы?

Адказ: Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» льготы па ўключэнні ў стаж часу работы ў раёнах Крайняй Поўначы і мясцовасцях, прыроўненых да іх, не прадугледжаны. Час такой работы ўключаецца ў стаж для назначэння пенсіі ў каляндарным парадку.

Пытанне: за які перыяд улічваецца заробак для налічэння пенсіі?

Адказ: пры назначэнні працоўнай пенсіі ў 2017 годзе яна налічваецца з заробку за апошнія 23 гады запар стажу работы, але не больш, чым за стаж, які ёсць фактычна. Пры гэтым у перыядах работы, прадпрымальніцкай дзейнасці ўлічваецца фактычны заробак (даход). А за перыяды іншай дзейнасці (іншыя перыяды), якія ўключаны ў стаж адпаведна часткі 2 артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» (перыяды водпуска па доглядзе дзяцей, ваеннай службы, вучобы, іншыя), у якасці фактычнага заробку ў разлік прымаюцца 40% сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за адпаведныя месяцы.

Пытанне: як часта адбываецца пераразлік працоўных пенсій?

Адказ: пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ажыццяўляецца на падставе ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не радзей за адзін раз на год у межах сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Пытанне: ці залічваюцца ў стаж работы для назначэння пенсіі перыяды работы на тэрыторыі Латвіі?

Адказ: з 28 лістапада 2010 года ўступіў у сілу дагавор паміж Рэспублікай Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння ад 29 лютага 2008 года. Згодна з ім, кожны з бакоў налічвае і выплачвае пенсію толькі на падставе страхавога (працоўнага) стажу, выпрацаванага на яго тэрыторыі. Такім чынам, пры назначэнні пенсіі ў Рэспубліцы Беларусь работа, якая ажыццяўлялася на тэрыторыі Латвіі, у стаж не залічваецца. За стаж работы на тэрыторыі Латвіі, у тым ліку да распаду СССР, пенсію назначае і выплачвае кампетэнтная ўстанова Латвіі.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *