Паклапаціцеся пра сваю бяспеку

Падзеі

На працягу многіх гадоў у Рэспубліцы Беларусь рэгіструюцца выпадкі атручэння чадным газам як лёгкай ступені, так і са смяротным зыходам пры эксплуатацыі бытавога газавага абсталявання і выкарыстанні пячнога ацяплення. Асноўнай прычынай атручэнняў з’яўляецца засмечванне дымавых і вентыляцыйных каналаў, з-за чаго адсутнічае цяга.

Чадны газ, або вокіс вугляроду (СО), утвараецца пры няпоўным згаранні газу з-за недахопу кіслароду, неабходнага для хімічнага працэсу гарэння. Ён здольны трапляць праз перагародкі, сцены, слаі глебы, не паглынаецца порыстымі матэрыяламі, таму фільтруючыя процівагазы не абароняць ад атручэння чадным газам. Чадны газ – яд хуткага агульнатаксічнага дзеяння. Ён не мае ні колеру, ні паху, пры гэтым можа прывесці да смяротнага зыходу на працягу некалькіх хвілін пры перавышэнні канцэнтрацыі чаднага газу ў паветры больш за 1,28%.

Сімптомамі атручэння чадным газам з’яўляюцца мышачная слабасць, галавакружэнне, шум у вушах, млоснасць, ірвота, санлівасць, часам, наадварот, кароткачасовая павышаная рухомасць, а затым расстройства каардынацыі рухаў, галюцынацыі, страта прытомнасці, сутаргі, кома і смерць ад паралічу дыхальнага цэнтра.
Як засцерагчы сябе ад чаднага газу ў кватэры, доме або на дачы? Перш за ўсё, неабходна сачыць за спраўнасцю стану дымавых і вентыляцыйных каналаў, што пацвярджаецца актамі праверкі тэхнічнага стану, якія выдаюцца спецыялізаванай арганізацыяй. Таксама адным з рашэнняў дадзенага пытання з’яўляецца сучасны бесправадны дэтэктар чаднага газу. Ён вельмі просты ва ўстаноўцы і абслугоўванні. Дзякуючы выкарыстанню такога датчыка вам гарантавана комплексная і сапраўды надзейная абарона ад дзеяння чаднага газу. Хоць тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь не прадугледжана абавязковая ўстаноўка датчыкаў кантролю за ўтрыманнем колькасці чаднага газу ў паветры, аднак пра сваю бяспеку кожны павінен паклапаціцца сам. Тым больш, што на рынку Рэспублікі Беларусь прадстаўлена вялікая колькасць датчыкаў і сігналізатараў па розных цэнах.

Цяпер у Рэспубліцы Беларусь наладжаны выпуск датчыкаў чаднага газу, якія можна набыць у гандлёвай сетцы, акрамя таго, ёсць шэраг замежных аналагаў (з Кітая, Турцыі, Украіны, Расіі).
Так, напрыклад:

* апавяшчальнік газавы ІП 401-12Т, выпускаюць у горадзе Мінску, працуе ад звычайнай батарэйкі. Пры перавышэнні дапушчальных нормаў чаднага газу прыбор падае гукавы і светлавы сігналы. Мантаж ажыццяўляецца згодна з рэкамендацыямі завода-вытворцы. Прыблізны кошт прыбора складае 21 рубель. Яго можна набыць у Добраахвотным пажарным таварыстве горада Дзятлава (вул. Лермантава, д. 32, тэл. для даведак 2-13-92);

* газавы сігналізатар ЗОРД УСГ-1, выпускаюць у Мінску, працуе ад батарэек. Пры перавышэнні дапушчальных нормаў чаднага газу прыбор падае гукавы і светлавы сігналы. Просты ў мантажы. Прыблізны кошт прыбора – 25 рублёў.

Устанаўліваючы датчыкі чаднага газу ў памяшканні, вы атрымліваеце гарантыю таго, што будзеце своечасова ведаць пра небяспеку.

Адміністрацыя Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *