Газета «Звязда» запрашае стаць удзельнікам віктарыны «Мая Скарыніяна»

Да ведама грамадзян

Няма, напэўна, у Беларусі больш вядомай гістарычнай асобы, чым Францыск Скарына. Асабліва сёлета, калі рыхтуемся адзначаць 500-гадовы юбілей беларускай друкаванай кнігі, пра таго, хто гэту кнігу аддрукаваў, пішацца і гаворыцца вельмі шмат. Яно так і павінна быць, бо Скарына — наш бясспрэчны нацыянальны герой, не ведаць пра якога проста немагчыма.

Але ці сапраўды мы ведаем пра нашага першадрукара шмат? Калі хочаце праверыць гэта, запрашаем вас стаць удзельнікам віктарыны «Мая Скарыніяна», якую «Звязда» ладзіць сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Віктарына будзе праходзіць у тры туры, па дзесяць пытанняў у кожным. Дзевяць з іх з варыянтамі, сярод якіх адзін правільны. Прыдумваем мы іх, кансультуючыся з намеснікам дырэктара бібліятэкі па навуковай рабоце, вядомым даследчыкам спадчыны Скарыны Алесем Сушам. Дзясятае ж пытанне, якое патрабуе канкрэтнага адказу, прапануе ад Нацыянальнай бібліятэкі сам спадар Алесь.

Адразу хочам папярэдзіць: не ўсе адказы вы здолееце знайсці ў сеціве (але некаторыя ў публікацыях «Звязды» — дакладна). Не ўсе пытанні простыя, як здаецца на першы погляд. Але ж і чытачы ў нашай газеты — дапытлівыя і дасведчаныя, таму мы ўпэўненыя, што вы з пастаўленай задачай справіцеся. Тым больш, што колькасць удзельнікаў неабмежаваная: адказваць на пытанні можна ўсёй сям’ёй ці цэлым класам.

Вынікі будуць падводзіцца пасля кожнага тура, тады ж будуць друкавацца і правільныя адказы на пытанні. Вашы адказы прымаюцца на працягу месяца пасля апублікавання задання тура.

Пераможцаў віктарыны чакае выдатны прыз — бясплатная экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы акурат у дні, калі краіна будзе святкаваць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Адказы на пытанні можна дасылаць на паштовы адрас рэдакцыі: вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, 220013, Мінск (з пазнакай «Скарыніяна») або на e-maіl: skaryna@zvіazda.by.

Пачніце ствараць уласную Скарыніяну — убачыце, як гэта цікава. У добры шлях!

Пытанні першага тура віктарыны «Мая Скарыніяна»

  1. Кім па родзе заняткаў быў бацька Францыска Скарыны Лука?
  • Разьбяром
  • Святаром
  • Купцом
  • Кавалём
  1. У Полацку нядаўна археолагі знайшлі рэшткі будынка, які меркавана звязаны з іменем Скарыны (цяпер ён знаходзіцца на тэрыторыі прысядзібнага ўчастка аднаго з палачан). Што, як лічаць гісторыкі, там месцілася ў часы Скарыны?
  • Адзін з дамоў купецкага пасада, дзе мог нарадзіцца будучы першадрукар
  • Храм, у якім хрысцілі Францыска
  • Бернардзінскі кляштар, у якім Скарына мог атрымаць першапачатковую адукацыю
  • Брацкая школа, дзе выкладаў славуты Сімяон Полацкі
  1. Абярыце найбольш рэальны маршрут перамяшчэння Францыска Скарыны па гарадах Еўропы ў храналагічным парадку:
  • Полацк — Кракаў — Падуя — Прага — Вільня — Масква
  • Полацк — Вільня — Масква — Кракаў — Прага — Падуя
  • Полацк — Масква — Кракаў — Вільня — Падуя — Прага
  • Полацк — Прага — Кракаў — Падуя — Масква — Вільня
  1. Як называлася першая кніга Скарыны, якая пабачыла свет у 1517 годзе?
  • «Псалтыр»
  • «Апостал»
  • «Малая падарожная кніжка»
  • «Кніга Царстваў»
  1. Устаўце прапушчанае біблейскае імя ў славутай скарынаўскай прадмове: «Таму і ??? , любячы край, дзе калісьці на свет нарадзілася, не шкадавала самое сябе, каб адвесці ад краю айчыннага небяспеку…»
  • Ева
  • Юдзіф
  • Руф
  • Царыца Саўская
  1. Хто з беларусаў упершыню згадаў імя Скарыны ў газеце «Наша ніва» ў пачатку ХХ стагоддзя?
  • Янка Купала
  • Сяргей Палуян
  • Максім Багдановіч
  • Вацлаў Ластоўскі
  1. Як было прозвішча прыватнага ленінградскага калекцыянера, у якога ў 1925 годзе былі набытыя першыя асобнікі скарынавых кніг для Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі?
  • Мысліцкі
  • Бранявіцкі
  • Камарніцкі
  • Ляшчынскі
  1. Як у Мінску называецца вуліца, якая з 1967 па 1989 год насіла імя Францыска Скарыны?
  • Алешава
  • Праспект Незалежнасці
  • Кальварыйская
  • Акадэмічная
  1. Калі сёлета дакладная дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання?
  • 6 жніўня
  • 9 жніўня
  • 6 верасня
  • 19 верасня
  1. Пытанне ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
  • Як звалі жонку Францыска Скарыны?


Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *